Кароткі Статут на беларускай мове

Народная грамада

    Кароткі Статут 

Народнай Грамады 

 

        1.  Агульныя палажэнні

1.1 . Народная Грамада (скарочана — НГ) — палітычная партыя, якая працягвае традыцыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903-1918), Беларускай Сацыял- Дэмакратычнай Партыі (19181924 г.) ды Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (1991-1996).  З 1996 па 2018 год партыя мела назву Беларуская Сацыял-Дэммкратычная Партыя (Народная Грамада). Партыя дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 

1.2. Народная Грамада з’яўляецца дэмакратычнай партыяй парламенцкага тыпу, аб’ядноўвае грамадзян розных веравызнанняў і філасофскіх поглядаў, якія прызнаюць сябе прыхільнікамі прынцыпаў свабоды, справядлівасці і дзяржаўнай незалежнасці  Рэспублікі Беларусь, грамадзянскай і сацыяльнай роўнасці жанчын і мужчын, абароны навакольнага асяроддзя, лічаць прыярытэтным накірункам  сваёй дзейнасці сацыяльную абарону людзей наёмнай працы, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, моладзі, пэнсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

1.3. Народная Грамада дзейнічае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 г., міжнароднымі нарматыўна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, дадзеным Статутам і Праграмай НГ, Стакгольмскай дэкларацыяй Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу на прынцыпах: дабраахвотнасьці ўступлення ў партыю і выхаду з яе; абіраемасьці ўсіх кіруючых і кантралюючых органаў партыі; галоснасці ў працы кіруючых органаў партыі на ўсіх узроўнях.

1.4. Рашэнне аб падачы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі Народнай Грамады прымаецца з’ездам партыі.

1.5. Народная Грамада мае сваю сымболіку і сцяг, партыйны сайт у глабальным сеціве Інтэрнэт. Сябры Народнай Грамады правамоцныя ствараць уласныя сродкі масавай інфармацыі з мэтай агітацыі і прапаганды партыйных каштоўнасцяў, яе мэтаў і задач.

1.6. Народная Грамада супрацоўнічае з іншымі палітычнымі партыямі і аб’яднаннямі у краіне і за яе межамі на прынцыпах незалежнасці, роўнасці і ўзаемнага неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы.

1.7. Народная Грамада, з’яўляючыся  паўнапраўным сябрам Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, супрацоўнічае з партыямі у межах гэтага аб’яднання, а таксама з партыямі, уваходзячымі ў Партыю Еўрапейскіх Сацыялістаў, іншымі рэгіянальнымі міжнароднымі аб’яднаннямі, блізкімі па каштоўнасцях, выкладзеных у Статуце і Праграме Народнай Грамады.

        2. Мэты, задачы, прадмет і мэтады дзейнасці

2.1. Народная Грамада ставіць сваёй мэтай пабудову салідарнага грамадства на прынцыпах волі, роўнасці, дэмакратыі, сацыяльнай справядлівасці і прыярытэту права.

2.2. У адпаведнасьці з мэтай, Народная Грамада лічыць сваімі задачамі: абарону правоў і свабодаў чалавека; абарону дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь; стварэнне сацыяльнай і экалагічнай рынкавай эканомікі; садзеянне развіццю культурніцкіх і духоўных багацьцяў беларускага народу.

2.3. Народная  Грамада дасягае сваёй мэты і задач наступнымі спосабамі: распрацоўкай і прапагандай палітычных праграм, заяў і зваротаў; правядзеннем з’ездаў, канферэнцый ды іншых сходаў; удзелам у выбарах; актывізацыяй удзелу грамадзян у кіраванні грамадскімі і дзяржаўнымі справамі; прыцягненнем грамадзян у шэрагі партыі; правядзеннем масавых акцый пратэсту; уздзеяннем на грамадскую думку іншымі спосабамі.

2.4. Прадметам дзейнасці Народнай Грамады з’яўляецца падтрымка і матывацыя грамадзян да актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці і дапамога ім у рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, палітычных і культурных правоў, у тым ліку, права на кіраванне дзяржавай.

2.5. Дзеля дасягнення сваёй мэты і задач Народная Грамада выкарыстоўвае наступныя мэтады: арганізоўвае сваіх прыхільнікаў да ўдзелу ў грамадска-палітычнай дзейнасці; удзельнічае ў выбарах у мясцовыя і вышэйшыя органы дзяржаўнай улады, а таксама ў рэалізацыі ўлады праз сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчых, прадстаўнічых і выканаўчых органах улады; прапагандуе свае ідэі праз сродкі масавай інфармацыі, нагляднай агітацыяй ды іншымі спосабамі; ладзіць мітынгі, сходы, семінары, канфэрэнцыі ды іншыя мерапрыемствы; аб’ядноўваецца на дабраахвотных пачатках у палітычныя блокі, саюзы, кааліцыі.

        3. Сябры партыі: іх правы і абавязкі

3.1. Сябрам Народнай Грамады можа быць дзеяздольны паўнагадовы грамадзянін Рэспублікі Беларусь альбо рэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які мае від на жыхарства, ведае і падтрымлівае Статут і Праграму партыі. Прыём у сябры Народнай Грамады здзяйсняецца большасцю галасоў паўнамоцнага сходу пярвічнай арганізацыі партыі. У выпадку адсутнасці ў рэгіёне жыхарства прэтэндэнта на сяброўства ў Народнай Грамадзе пярвічнай арганізацыі яго прыём можа здзяйсняцца любым вышэйстаячым сходам, камітэтам ці выканаўчым органам партыі. Сяброўства ў Народнай Грамадзе не сумяшчальнае з сяброўствам у іншых палітычных партыях. Рашэннем Цэнтральнага камітэту ці з’езду Народнай Грамады ганаровае сяброўства можа быць нададзена замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства.

3.2. Сябра Народнай Грамады мае права прапаноўваць зьмены ў Статут, Праграму НГ, выказваць і абараняць сваё мяркаванне.

Сябра Народнай Грамады мае права: вылучаць, абіраць і быць абраным у любыя органы партыі; прымаць удзел у вызначэнні палітыкі партыі; удзельнічаць у працы партыйных органаў пры абмяркаванні яго дзейнасці ці паводзінаў; атрымліваць юрыдычную ці іншую дапамогу ў выпадку парушэння яго правоў; прыпыняць сяброўства ці свабодна выйсці з партыі, паставіўшы аб гэтым у вядомасць партыйную арганізацыю, на ўліку якой ён знаходзіцца.

Сябра Народнай Грамады абавязаны:  выконваць Статут партыі; выконваць рашэнні партыі; прапагандаваць палажэнні Праграмы партыі.

3.3. Справаводства і ўлік сяброў Народной Грамады вядзецца па меркаванні пярвічных тэрытарыяльных арганізацый, якія ажыццявілі прыём у партыю, калі іншага не прадугледжвае рашэнне Выканаўчага Бюро. Цэнтралізаваны ўлік сяброў партыі не праводзіцца. Сяброўскі білет асабісты, падпісваецца старшынём Народнай Грамады.

3.4. Сяброўства у Народнай Грамадзе не сумяшчальнае з прапагандай нацыянальнай, сацыяльнай ды рэлігійнай нецярпімасьці, класавай выключнасці.

3.5. Спыненне сяброўства ў Народнай Грамадзе адбываецца па заяве сябра НГ, рашэнні пярвічнай арганізацыі партыі, якая ажыццявіла прыём, альбо вышэйстаячых партыйных органаў. Прыпыненне сяброўства можа быць абскарджана перад Прэзідыумам, Выканаўчым Бюро, Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіяй і З’ездам партыі.

        4. Арганізацыйныя структуры

4.1. Партыя дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і дзеліцца па тэрытарыяльнай прыкмеце.

4.2. Арганізацыйныя структуры рэгіструюцца ў Прэзідыуме Народнай Грамады.

4.3. Выбары кіруючых і кантрольных органаў Народнай Грамады здзейсняюцца адкрытым альбо патаемным галасаваннем.

4.4. Пастановы з’езда Народнай Грамады, сходаў тэрытарыяльных пярвічных структур, Прызідыума, Выканаўчага Бюро, Цэнтральнага Камітэта, камітэтаў рэгіянальных арганізацый  прымаюцца, калі за ніх прагаласавала больш за палову прысутных сябраў арганізацыйных структур, дэлегатаў, альбо сябраў адпаведных партыйных органаў, калі іншае не прадугледжана дзеючым Статутам.

        5. Пярвічныя, гарадскія, раённыя і абласныя арганізацыі

5.1. Пярвічныя арганізацыі Народнай Грамады ствараюцца пры наяўнасці ў горадзе ці раёне не меньш трох сябраў партыі.

5.2. Пры наяўнасці ў раёне ці горадзе больш, чым сем сябраў партыі, можа быть створана раённая ці гарадская арганізацыя Народнай Грамады ў складзе некалькіх пярвічных. Дзеля кіраўніцтва гарадской ці раённай арганізацыяй абіраецца партыйны камітэт.

5.3. Арганізацыі у абласных цэнтрах фарміруюцца як агульнагарадскія альбо па адміністратыўных раёнах горада. Вышэйшы орган пярвічнай, раённай і гарадской арганізацыі – сход, які праводзіцца не радзей за раз на год.

5.4. Кіраўнікі пярвічных, гарадскіх, раённых арганізацый партыі абіраюцца простай большасьцю з ліку сябраў Народнай Грамады на сходах гэтых партыйных арганізацый.

5.5. Кіраўнікі і сябры камітэтаў абласных арганізацый партыі абіраюцца простай большасьцю дэлегатаў на абласных канфэрэнцыях прамым адкрытым ці таемным галасаваннем.

5.6. Прэзідыум Народнай Грамады мае права прызначаць і здымаць партыйных каардынатараў у выпадку адсутнасці пярвічнай арганізацыі.

        6. Вышэйшыя выбарныя органы партыі.

6.1. Вышэйшым органам Народнай Грамады з’яўляецца З’езд.

З’езд праводзіцца ў форме чарговай устаноўчай сесіі не радзей, чым раз на два гады. У выпадку, калі прымаецца рашэнне аб неабходнасці далейшай падрыхтоўкі партыі да працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі, прызначаецца наступная сэсія Ўстаноўчага З’езду

З’езд падводзіць вынікі дзейнасці органаў Народнай Грамады, вызначае палітычную стратэгію партыі на наступны пэрыяд, абірае старшыню, намеснікаў старшыні, генеэральнага сакратара, Цэнтральны Камітэт і Цэнтральную Рэвізійную Камісію партыі.

6.2. Кіруючым органам Народнай Грамады, які рэалізуе яе стратэгію і вызначае партыйную палітыку паміж з’ездамі, з’яўляецца Цэнтральны Камітэт. У склад Цэнтральнага Камітэта ўваходзяць сябры Народнай Грамады, абраныя ў ЦК З’ездам, старшыня і намеснікі старшыні партыі, генеральны сакратар, кіраўнікі рэгіянальных арганізацый НГ, старшыні партыйных камісій і сакратары ЦК.

6.3. Распарадча-выканаўчым органам Народнай Грамады з’яўляецца Выканаўчае Бюро.
У перыяд паміж паседжаннямі Выканаўчага Бюро яго функцыі выконвае Прэзідыум партыі.
У Прэзідыум па пасадзе ўваходзяць старшыня партыі, намеснікі старшыні, генеральны сакратар, кіраўнікі камісій Народнай Грамады, міжнародны сакратар і прэс-сакратар ЦК.
У Выканаўчае Бюро па пасадзе ўваходзяць сябры Презідыума, кіраўнікі абласных і Мінскай гарадской арганізацый партыі.
Выканаўчае Бюро арганізуе выкананне рашэнняў з’езда і ЦК, вызначае пазіцыю і дзеянні партыі па актуальных пытаннях, вызначае дату і праект павесткі чарговых паседжанняў ЦК.

        7. Старшыня, намеснікі старшыні, генеральны сакратар, сакратары ЦК 

7.1. Старшыня Народнай Грамады абіраецца на з’ездзе прамым таемным галасаваннем, дзейнічае у межах паўнамоцтваў, прадугледжаных дзеючым Статутам, Праграмай партыі, пастановамі Прэзідыума і Выканаўчага Бюро, іншымі рэзалюцыямі і заявамі вышэйшых органаў партыі.

7.2. Старшыня Народнай Грамады прадстаўляе пазіцыю партыі ў стасунках з іншымі палітычнымі партыямі, арганізацыямі, дзяржаўнымі органамі, а таксама ў міжнародных кантактах.

7.3. Старшыня Народнай Грамады арганізуе працу Цэнтральнага Камітэта, Выканаўчага Бюро, Прэзідыума партыі. Пры адсутнасці старшыні яго абавязкі выконвае першы намеснік старшыні.

7.4. Намеснікі старшыні арганізуюць партыйную працу па накірункам, даручаным ім ЦК.

7.5. Генеральны сакратар арганізуе бягучую працу партыі, каардынуе дзейнасць рэгіянальных партыйных арганізацый.

7.6. Сакратары ЦК вядуць бягучую працу па сваіх накірунках у адпаведнасці з даручэннямі старшыні і генеральнага сакратара партыі.

        8. Кантрольныя органы 

8.1. Кантрольным органам Народнай Грамады з’яўляецца Цэнтральная Рэвізійная Камісія.

8.2. Цэнтральная Рэвізійная Камісія зьбіраецца не радзей за адзін раз на год, рыхтуе справаздачу З’езду Народнай Грамады.

8.3. З’езд Народнай Грамады абірае старшыню Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі (ЦРК) прамым атаемным галасаваннем, іншых сябраў ЦРК — адкрытым ці таемным галасаваннем.

        9. Партнёрскія  арганізацыі

9.1. Сябры Народнай Грамады маюць права ствараць маладзёвыя, жаночыя, экалагічныя, праваабарончыя, іншыя парнёрскія арганізацыі, мэты і задачы якіх не супярэчаць Статуту і Праграме партыі, дапамагаюць прыцягваць у НГ новых людзей.

9.2. Арганізацыі і грамадзянскія ініцыятывы, прызнаныя Цэнтральным Камітэтам НГ партнёрскімі, могуць карыстацца юрыдычнай, міжнароднай, арганіцыйнай і іншымі формамі падтрымкі партыі.

        10. Фінансаванне

10.1. Фінансаванне дзейнасці Народнай Грамады здзяйсняецца за кошт дабраахвотных ахвяраванняў як сябраў НГ, так і іншых грамадзян, падзяляючых мэты, задачы і каштоўнасці партыі.

        11. Спыненне дзейнасці

11.1. Народная Грамада спыняе сваю дзейнасць па рашэнні З’езду. Спыненне дзейнасці можа адбыцца шляхам рэарганізацыі (зліцця, далучэння, падзелу) альбо ліквідацыі.