Перайсці да зместу
Народная Грамада Сацыял-дэмакратычная партыя Беларусі Праграма партыі

Сіла справядлівасці.

STATKEVICH M

Сяргей Спарыш, генеральны сакратар Народнай Грамады, былы палітвязень, а зараз каардынатар па стратэгіі і міжнароднаму развіццю праваабарончай арганізацыі “Наш дом”, месяц таму ініцыяваў акцыю салідарнасці з незалежнымі беларускімі выдавецтвамі ў выгнанні, іх чытачамі тут і са мной як аўтарам кнігі “І гэта ўсё ў табе”. Сяргей і сам узяў удзел у гэтай акцыі ды прадставіў сваю аўдыёверсію аднаго з фрагментаў кнігі, з якой можна азнаёміцца вышэй.
STATKEVICH M: СІЛА СПРАВЯДЛІВАСЦІ
⠀
Улічваючы ўвагу да Сяргея Спарыша, у тым ліку з-за яго жорсткай манеры весці дыскусіі ў Сеціве, коратка раскажу пра яго. Яму 40 гадоў. Нарадзіўся ў сям’і мастакоў.
⠀
Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж, паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе кампазіцыі. Захапляецца тэорыяй і гісторыяй музыкі, асабліва авангардам і мінімалізмам. Грае на скрыпцы і фартэпіяна. Падчас навучання напісаў сімфонію, аднак пасля трох гадоў спыніў вучобу і забраў дакументы з акадэміі.
⠀
Каля сямі гадоў працаваў зваршчыкам, пераважна на Мінскім заводзе колавых цягачоў. З завода быў звольнены пасля таго, як апублікаваў крытычны артыкул на сайце «Хартыя’97».
⠀
Тут адразу ж узнікае пытанне пра матывы «хаджэння ў народ» маладога чалавека, выгадаванага ў творчай і забяспечанай сям’і. Адказ просты — у Сяргея абвостранае пачуццё справядлівасці, у тым ліку і сацыяльнай. Я лічу гэта праявай чалавечай сілы, бо, як кажа мая жонка Марына, «толькі моцныя бароняць слабых».
⠀
Мяне заўсёды здзіўляла стаўленне да ідэі сацыяльнай справядлівасці не мільянераў, а людзей зусім незаможных, якія чамусьці любяць пагардліва называць тых, хто спрабуе абараніць іх сацыяльныя правы, «левакамі». Мо ім падабаецца іх беднасць?
⠀
Сяргей — цудоўны таварыш і паплечнік для тых, каго лічыць справядлівымі людзьмі, і вельмі наадварот для тых, каго лічыць несправядлівымі. Таму адны, не вельмі шматлікія, любяць і паважаюць яго, а дастаткова шматлікія другія — зусім наадварот.
⠀
Пошукі аднадумцаў у барацьбе за правы слабых і абдзеленых прывялі яго ў Народную Грамаду. Мы ўжо ведалі пра яго і былі рады яму.
⠀
25 сакавіка 2017 года ён удзельнічаў у акцыі Народнай Грамады і БНК супраць падатку на беспрацоўных. Падчас разгону акцыі Сяргей быў затрыманы. Стаў сведкам таго, як міліцыянты выломвалі пальцы затрыманай праваабаронцы Насты Лойкі, каб гвалтам зняць іх адбіткі, заступіўся за яе, а потым са скаванымі рукамі і нагамі ляжаў 6 гадзінаў на ледзяным асфальце ў двары аддзялення міліцыі. А «праваахоўнікі» хадзілі па яму. Для нас гэта было дастатковай рэкамендацыяй.
⠀
Пазней высветлілася, што апроч унікальнай эрудыцыі і ведання 8 моў, Сяргей яшчэ і выбітны арганізатар. І ён не палохаецца прамога супрацьстаяння рэжыму.
⠀
У той час партыя перажывала змену пакаленняў, і праз не вельмі доўгі час на партыйным з’ездзе Сяргей быў абраны яе генеральным сакратаром. Мы рыхтаваліся да кампаніі 2020 года і, каб зменшыць страх у грамадстве, праводзілі шмат вулічных акцый у Мінску і рэгіёнах. Дзякуючы арганізацыйнаму таленту і смеласці Сяргей адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы падзей 2020 года.
⠀
З-за гэтага ён неаднаразова адбываў пакаранні ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна, дзе з ім, маючы інфармацыю пра яго ролю ў партыі, абыходзіліся надзвычай жорстка. Апошні раз Сяргей трапіў туды ў канцы чэрвеня 2020 года, каб застацца ў зняволенні на гады. Па сфабрыкаванай крымінальнай справе ён быў асуджаны да 6 гадоў зняволення, падчас якога шматразова памяшчаўся ў штрафны ізалятар. У верасні 2025 года быў прымусова дэпартаваны ў Літву.
⠀
Перад дэпартацыяй мы вельмі доўга размаўлялі з ім у следчым ізалятары КГБ. Ён ведаў пра маё рашэнне адмовіцца пакідаць краіну. Таму я мусіў, з улікам яго абставін, настойліва рэкамендаваць яму не пярэчыць сваёй дэпартацыі.
⠀
Апынуўшыся ў дэмакратычнай краіне, Сяргей займаецца зараз абаронай правоў палітуцекачоў. Я вельмі ўдзячны яму, што, нягледзячы на масу праблем, звязаных з адаптацыяй і жыццём у чужой краіне, ён знаходзіць сілы і час, каб выяўляць салідарнасць і дапамагаць мне і многім беларускім палітуцекачам.
⠀
Мо таму ён і робіцца аб’ектам трансгранічных «аператыўных мерапрыемстваў» тутэйшых «пінкертонаў». Супраць мяне іх столькі было і ёсць, што я іх і праз мяжу бачу. Днямі якраз такое было.
⠀
Калі «товарищи» не шкадуюць засвеціць не толькі сваіх стукачоў (якіх яны ўсёроўна людзьмі не лічаць), але і нават створаны для іх рэсурс, то гэта значыць, што праца Сяргея і за мяжой ацэнена і прызнана небяспечнай для рэжыму.
⠀
Дзякуй, Сяргей Сяргеевіч!

About The Author