Мікалай Дзядок: Баіцеся? Бойцеся моўчкі

Пакуль многія чакаюць вайны рэальнай, стала відавочным, што вайна інфармацыйная ўжо пачалася. Ейныя жаўнеры з таго боку – пуцінскія кремлеботы, якія ўжо працуюць ва ўсю, у тым ліку і на пляцоўках незалежных медыя. Як думаеце, якую метадычку ім далі? Хваліць Пуціна? Апеляваць да “памяти дедов”? Не, ўсе больш тонка. Наратыў такі: “незалежнасць ужо здадзеная, ніхто за яе змагацца не будзе! Беларусы не украінцы! Няма барацьбітаў! Лука ўсё прасраў, Расія пры дзвярах! Зваліваем у Польшчу, змагары!”. І яны пішуць гэта ад імя саміх жа беларусаў.

Аналагічны пасыл зараз транслюецца па расійскіх СМІ.

Мэта: выклікаць у нас пачуццё безвыходнасці, прымусіць паверыць, што за незалежнасць Беларусі змагацца няма каму. І, паколькі беларускі народ дэлегаваў права абараняць незалежнасць Луке, Лука яе паспяхова здаў. І ўжо нічога не зробіш, рыхтуйцеся жыць у новай краіне!

То бок нас проста ставяць перад фактам.

Аднак не будзем забывацца: акрамя прарасійскіх МУС і КДБ, акрамя Вакульчыка і Ігара “Дзіравага” Шуневіча існуем яшчэ мы. І мы не збіраемся аддаваць свой лёс у рукі Лукі ці ягоных прыхвастняў. І сваё права вырашаць мы ім не дэлегавалі.

Калі ж я ўсе ж такі памыляюся, і частка тых, хто такое піша – не боты, а сапраўдныя людзі, то я вас прашу, пазакрывайце свае раты. Баіцеся? Бойцеся моўчкі а не сейце паніку ў інтарэсах Пуціна. Усіх астатніх жа заклікаю кремлеботаў баніць бязлітасна, а разам з імі і тых, хто пхае нам ідэю “без Лукашэнкі не будзе суверенітэту”.

А ўвогуле, з Новым Годам.

Мікалай Дзядок, фэйсбук

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.