Сяргея Спарыша прызналі палітычным зьняволеным. Ён ужо 24-ы палітвязень

Сяргей Спарыш, архіўнае фота

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычным зьняволеным актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша, супраць якога завялі крымінальную справу за «ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», пры прыняцьці рашэньня аб прызнаньні палітвязьнем Спарыша кіраваліся тымі ж крытэрамі, што ў выпадку іншых прызнаных палітвязьнямі фігурантаў «справы Ціханоўскага».

Спарыша затрымалі 25 чэрвеня «людзі ў цывільным», яго гвалтоўна выцягнулі з кватэры, цягнулі па прыступках, пасадзілі ў машыну. Сьведкі кажуць, «людзі ў цывільным» яго зьбілі. Тады яго забралі адбываць 15 сутак, якія ён раней атрымаў за ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках 8 траўня.

Пра крымінальную справу стала вядома 9 ліпеня. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызваленьня Спарыша і спыненьня крымінальнай справы.

Цяпер вядома пра 18 чалавек, якія знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў паводле арт. 342 КК. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні ў так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Андрэй Новікаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч, актывіст Сяргей Спарыш. Раней прызнаныя палітвязьнямі Ўладзімер Навумік і Васіль Баброўскі выйшлі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, але засталіся фігурантамі справы.

У чым менавіта іх падазраюць, невядома.