Адкрыты ліст Прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі Гітанасу Наўседу

Найшаноўны спадар Прэзідэнт!
 
Шчыра віншуем Вас з выбраннем Прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі і жадаем Вам поспехаў на гэтай найвышэйшай дзяржаўнай пасадзе дзеля дабра вашага народа і дзяржавы.
 
Сумленныя і празрыстыя выбары ёсць зарукай незваротнасці дэмакратычных пераўтварэнняў, якія ў вас адбыліся. Гэта надае новыя надзеі і нам, беларускім дэмакратам: мы заўсёды са шчырай зацікаўленасцю сочым за тым, наколькі паспяхова і ўпэўнена развіваецца Літва – гістарычна блізкія нам народ і дзяржава.
 
У Беларусі няма свабодных выбараў і няма свабоды, але мы цвёрда верым, што дзень свабоды наступіць і для нас. Мы таксама цвёрда ведаем, што сапраўды незалежнай Беларусь будзе толькі пасля таго, як стане дэмакратычнай дзяржавай, у якой выконваецца права і скончана з беззаконнем.
 
Незалежная, свабодная і дэмакратычная Беларусь – мэта нашай палітычнай барацьбы. За дасягненне гэтай мэты мы гатовыя плаціць высокі кошт. Рэжым кідае нас у турмы, пераследуе і запалохвае. Нашых сяброў і калегаў забіваюць, але мы не маем намеру спыняцца, пакуль не даможамся волі. Таму для нас вельмі важна, каб нашы мэты былі зразуметыя ў дэмакратычным свеце, у Еўропе. Мы хацелі б і надалей разлічваць на падтрымку і прынцыповую пазіцыю Літвы, як дзяржавы, якая вельмі добра разумее спецыфіку Беларусі.
 
Мы разумеем і падтрымліваем мэту, прадэклараваную Вамі, спадар Прэзідэнт: развіццё добрасуседскіх адносін з Беларуссю з’яўляецца несумнеўным прынцыпам як для вас, так і для ўсіх нас. Мы не прыхільнікі ізаляцыі Беларусі. Аднак сённяшні рэжым не прадстаўляе Беларусь – і гуляць па ягоных правілах нельга. У рэжыму зусім іншыя мэты.
 
У цяперашняй еўрапейскай палітыцы Літва карыстаецца добрай рэпутацыяй прынцыповага абаронцы чалавечых каштоўнасцяў, дэмакратычных свабод, а не дзяржавы, засяроджанай выключна на эканамічных, прагматычных падыходах. Мы вельмі спадзяемся, што такая палітыка будзе працягвацца, бо любыя кароткатэрміновыя выгады ад супрацоўніцтва з рэжымам, для якога не існуе правоў чалавека («Права чалавека, – нядаўна заявіў Лукашэнка, – апрануцца і паесці»), могуць абярнуцца стратамі міжнароднага аўтарытэту для Вашай краіны і Вас асабіста. А гэта, паверце, з’яўляецца адной з мэтаў рэжыму і Крамля, што стаіць за ім.
 
З падтрымкай Крамля ў Беларусі на мяжы з Літвой будуецца Астравецкая атамная электрастанцыя, якая, несумненна, з’яўляецца адной з самых сур’ёзных пагроз для бяспекі як беларусаў, так і літоўцаў. Прынцыповая і цвёрдая пазіцыя Літвы прыцягнула да гэтага пытання міжнародную ўвагу, дала магчымасць дасягнуць таго, што Астравецкая АЭС пакуль яшчэ не запушчана, ядзернае паліва ў яе не загружана. Абараняючы бяспеку свайго народа, Літва таксама клапоціцца пра бяспеку Беларусі, за што мы вам вельмі ўдзячныя.
 
Барацьбу за бяспеку мірных грамадзян неабходна працягваць, і мы верым, спадар Прэзідэнт, што Вы з’яўляецеся тым лідэрам, які здольны аб’яднаць Еўрапейскі Саюз для вырашэння гэтай праблемы. Па Астравецкай АЭС неабходная цвёрдая пазіцыя ўсяго ЕЗ. Калі гэтая пазіцыя будзе непарушная, будаўніцтва Астравецкай АЭС усё яшчэ можа быць спынена. І самай вялікай памылкай, на нашу цвёрдую думку, стала б змена пазіцыі Літвы, яе згода на перамовы з Мінскам па бяспецы або маніторынгу Астравецкай АЭС, як гэта нядаўна абмяркоўвалася ў перапісцы паміж урадамі нашых краін. Пры кіруючым ў Беларусі цяперашнім рэжыме ніякая бяспека, у тым ліку бяспека АЭС, не можа быць гарантаваная, што пацвярджаецца некалькімі аварыямі яшчэ падчас будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Цяпер гэтыя аварыі пакрытыя маленькай хлуснёй, але маленькая хлусня непазбежна прыводзіць да вялікай, а маленькія аварыі – да катастрофы, пра што з узрушаючай праўдай распавядаецца ў нядаўна прадстаўленым свету серыяле «Чарнобыль».
 
Паважаны спадар Прэзідэнт!
 
Для нас ключавое пытанне – гэта незалежнасць Беларусі, якая сёння знаходзіцца пад двайной пагрозай: і з боку рэжыму, і з боку Крамля. Мы гатовыя доказна абвергнуць памылковае меркаванне пра Лукашэнку, які нібыта з’яўляецца гарантам незалежнасці, як спрабуе прадставіць яго і ўнутры краіны, і за яе межамі сам рэжым, кінуўшы на гэта ўсё свае прапагандысцкія рэсурсы. На самой жа справе Лукашэнка, які цалкам залежыць ад кіраўніцтва РФ, – гарант страты незалежнасці Беларусі. Падпісаная ім дамова аб так званай «Саюзнай дзяржаве» з Расеяй – прамая здрада нацыянальным інтарэсам. Праз гэтую дамову, мэта якой, у канчатковым выніку – інкарпарацыя Беларусі ў склад РФ, якая дзеля гэтага доўгія гады фінансавала рэжым, – Беларусь не развівалася і не развіваецца. Няма ні рэальных эканамічных рэформаў, ні дыялогу з грамадствам, ні барацьбы супраць экспансіі расійскіх медыя або русіфікацыі нашай краіны, не кажучы ўжо пра тое, што пераслед беларускіх патрыётаў толькі ўзмацняецца.
 
Лукашэнка не змагаецца за суверэнітэт краіны, яго турбуе толькі суверэнітэт асабістай улады. Ягоная адзіная мэта – захаванне камфортнага для яго і ягонага рэжыму цяперашняга ўзроўню залежнасці.
 
Дыктатар сам усё гэта разумее, а таму вельмі актыўна дзейнічае праз свой дыпламатычны корпус і службы бяспекі на Захадзе, асабліва ў Літве ды іншых суседніх краінах. Такія ініцыятывы рэжыму, як Мінскі форум і падобныя да яго канферэнцыі і круглыя сталы, з’яўляюцца эфектыўным спосабам пашырэння ўплыву ягоных агентаў, асноўная мэта якіх якраз у тым, каб пераканаць дэмакратычную супольнасць, што няма альтэрнатывы персанальнай дзяржаве Лукашэнкі.
 
Альтэрнатыва ёсць: незалежная, дэмакратычная Рэспубліка Беларусь, якую антыбеларускія сілы намерыліся прыбраць з карты Еўропы. Наш зварот у першую чаргу прадыктаваны менавіта гэтым: небяспечнай перспектывай пераходу тэрыторыі Беларусі пад юрысдыкцыю Масквы, што небяспечна не толькі для нас, але і для Літвы. Ўпэўненыя, што з вашым досведам Вы разумееце гэта самі, таму можам параіць Вам хіба адно: вельмі ўважліва сачыце за тым, хто і як будзе даваць вам парады па беларускім пытанні – у тым ліку па пытанні Астраўца. Мы хочам, каб вы не страцілі каштоўнага часу, не памыліліся, не падарвалі б Ваш асабісты аўтарытэт у Еўропе і Беларусі. Урэшце, Вы непазбежна прыйдзеце да высновы, што супрацоўніцтва з рэжымам ні да чаго не прывядзе, што яно – згубны шлях для абодвух народаў.
 
Найшаноўны спадар Прэзідэнт!
 
Для нас вельмі важна, каб мы, каб увесь беларускі народ у гэты цяжкі для беларусаў час меў у асобе Літвы, у Вашай асобе сапраўднага сябра і партнёра, які падтрымлівае і разумее нас. Рэжымы часовыя, а народы – не, і яны ніколі не забудуць агульнай барацьбы і дапамогі адзін аднаму. Так, як ніколі не забудзецца, будзе вечна жыць памяць пра нашых герояў, якія разам змагаліся за нашу і вашу свабоду!
 
З павагай,
 
Станіслаў Шушкевіч,
старшыня вярхоўнага Савета Беларусі ў 1991-94 г.г.
 
Уладзімір Някляеў,
кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 г.,
старшыня праграмнай камісіі Беларускага нацыянальнага кангрэсу,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
 
Мікалай Статкевіч,
старшыня Народнай Грамады,
сябра Рады БНК,
кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 г.
 
Павел Севярынец,
сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі