
Дарагія сябры!
Мы з Марынай шчыра дзякуем ўсім, хто віншаваў нас з маім вызваленнем, хто прапанаваў падтрымку, хто ўсе гэтыя гады падтрымліваў нас. Для нас гэта тым болей важна, бо мы ведаем, колькі намаганняў рабіў і робіць правячы рэжым для разбурэння чалавечай салідарнасці. У зняволенні адмыслова навучаныя супрацоўнікі перыядычна казалі мне, што “на волі пра мяне ўжо ўсе забыліся, што я нікому там не патрэбен”. Я адказваў, што, калі нават гэта і так, то што гэта мяняе ў маёй пазіцыі? Але, насамрэч, ніколі не верыў у сваю “непатрэбнасць”, бо адчуваў вашую падтрымку і калі лісты да мяне яшчэ даходзілі (ведаю, што многія людзі заплацілі за салідарнасць сваёй уласнай свабодай), і тады, калі апынуўся на 3 гады ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Бо ваша цеплыня ахутвала мяне. І я адчуваў яе амаль фізічна.
Чым болей ўлада баіцца “свайго” народа, тым болей яна сіл і сродкаў скіроўвае на тое, каб знішчыць салідарнасць паміж людзьмі, ператварыць іх у статак запалоханых адзіночак. Але, як мы пераконваемся зараз, гэтыя намаганні апынуліся беспаспяховымі. Бо салідарнасць была закладзена ў нас на ўзроўні інстынктаў мільёны гадоў таму, калі нашы продкі яшчэ не былі нават пралюдзьмі. Гэтак жа, як клопат пра дзяцей, напрыклад. І ніхто не ў стане гэта разбурыць. Інакш бы мы проста пераслалі быць людзьмі. Сапраўднымі людзьмі…
І кожны раз так кранальна, так шчымліва ў сэрцы, калі незнаёмыя людзі (і гэта ў нашай ушчэнт “зачышчанай” краіне!) вншуюць, нават плачуць, убачышы нас разам. Аж да слёз на нашых вачах.
Дзякуй вам, Людзі!
Але вельмі балюча хвалюе як шмат людзей яшчэ застаюцца ў зняволенні. Памятаем пра іх, падтрымліваем іх родных, робім ўсё дзеля іх вызвалення!
Свабоду ўсім палітвязням!
Мікалай Статкевіч

