РЭГЛАМЕНТ ІНТЭРНЭТ- ГАЛАСАВАННЯЎ У НАРОДНАЙ ГРАМАДЗЕ

1. ВЫПАДКІ ЎЖЫВАННЯ ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЯЎ
 
Інтэрнэт-галасаванне можа праводзіцца замест звычайнага галасавання ва ўсіх тых жа статутных выпадках, што і звычайнае.
 
2. ПРАВА ПРЫЗНАЧЫЦЬ ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЕ
 
Права прызначыць інтэрнэт-галасаванне ў падначаленай ім арганізацыі ці органе партыі належыць усім партыйным органам ці кіраўнікам, якія маюць статутнае права прызначыць паседжанне гэтай арганізацыі ці органа.
 
3. УДЗЕЛ У ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННІ
 
Удзельнічаць у інтэрнэт-галасаванні маюць права ўсе сябры партыі, якія ўваходзяць у арганізацыі ці органы, у якіх праводзіцца інтэрнэт-галасаванне.
 
4. ВЫБАР ПРАГРАМНЫХ СРОДКАЎ ДЛЯ ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЯ
 
Праграмныя сродкі для інтэрнэт-галасавання выбіраюцца органам ці партыйным кіраўніком, якія яго прызначаюць Выбар ажыццяўляецца зыходзячы з наступных крытэраў даступнасці да інтэрнэт-галасавання сябраў партыі, якія маюць права ўдзелу ў ім:
для партыйных органаў – не меней за 85% сябраў органа;
для гарадскіх і раённых арганізацый – не меней за тры чвэрці сябраў арганізацыі;
для абласных арганізацый, Мінскай гарадской арганізацыі і ўсёй партыі – не меней за дзве трэці сябраў абласной арганізацыі ці партыі.
 
5. ТЭРМІНЫ АБ’ЯЎЛЕННЯ ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЯ
 
Рашэнне пра правядзенне інтэрнэт-галасавання, яго дзень, час пачатку, час завяршэння і час зацвярджэння вынікаў прымаецца паўнамоцным органам ці партыйным кіраўніком у наступныя тэрміны да пачатку гэтага галасавання:
для агульнапартыйнага галасавання ці галасавання дэлегатаў з’езда партыі – не меней, чым за два тыдні;
для агульнага галасавання сябраў абласной ці Мінскай гарадской арганізацыі партыі – не меней, чым за 10 дзён;
для агульнага галасавання сябраў гарадскіх і раённых арганізацый партыі – не меней, чым за тыдзень;
для галасавання сябраў ЦК партыі – не меней, чым за 5 дзён;
для галасавання сябраў Прэзідыўма, Выканаўчага Бюро, абласных, Мінскага гарадскога, раённых і гарадскіх камітэтаў партыі не меней, чым за 3 дні.
 
 
6. ТЭРМІНЫ АПАВЯШЧЭННЯ ПРА ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЕ
 
Інфармацыя пра інтэрнэт-галасаванне, пералічаная ў першым абзацы раздзела 5, даводзіцца да ўсіх сябраў партыі, якія маюць права ўдзела ў ім, у наступныя тэрміны:
для сябраў партыі, якія ўжо ўдзельнічалі ў інтэрнэт-галасаваннях з дапамогай праграмнага сродку і чата, які плануецца задзейнічаць зараз – на працягу 8 гадзін пасля прыняцця рашэння пра інтэрнэт-галасаванне ў чаце для галасавання;
для астатніх сябраў партыі – на працягу трох дзён.
Пры апавяшчэнні, сябрам партыі, якія не маюць тэхнічных ці праграмных сродкаў для інтэрнэт-галасавання, павінна быць прапанавана і пры неабходнасці аказана кансультацыйная ці арганізацыйная дапамога з мэтай забяспячэння іх удзелу ў інтэрнэт-галасаванні.
 
7. АПЕРАТЫЎНАЕ ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЕ
 
Пры выключных выпадках у партыйных структурах, у якіх ужо праводзілася паўнамоцнае інтэрнэт-галасаванне з дапамогай канкрэтнага праграмнага сродку, дапускаецца аператыўнае інтэрнэт-галасаванне з выкарыстаннем таго ж праграмнага сродку.
Мінімальныя тэрміны прызначэння аператыўнага інтэрнэт-галасавання і апавяшчэння пра яго могуць зменшаны кіраўніком ці органам, якія праводзяць гэта інтэрнэт-галасаванне, не болей, чым у 3 разы ад звычайных.
Аператыўнае галасаванне для выбараў на партыйныя пасады не праводзіцца.
 
8. ЧАТЫ ДЛЯ ГАЛАСАВАННЯ
 
Інтэрнэт-галасаванне можа праводзіцца на сталым працоўным чаце органа ці арганізацыі, у якіх праводзіцца гэта галасаванне. Таксама можа стварацца адмысловы чат для галасавання.
Рашэнне пра чат для галасавання прымае орган, які яго праводзіць, разам з рашэннем пра правядзенне такога галасавання.
 
9. МАДЭРАЦЫЯ ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЯ
 
Галоўным мадэратарам інтэрнэт-галасавання з’яўляеца партыйны кіраўнік ці кіраўнік партыйнага органа, які прызначыў гэтае галасаванне.
Для дапамогі ў правядзенні інтэрнэт-галасавання і каб забяспечыць безперапынны кантроль за яго хадой, галоўны мадэратар можа прызначыць да двух адміністратараў з правам выдалення каментароў, якія парушаюць правілы галасавання.
 
10. ІНТЭРНЭТ-ГАЛАСАВАННЕ ЗА ПАРТЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ
 
1) Падрыхтоўка праекта дакумента для інтэрнэт-галасавання арганізуецца партыйным органам ці кіраўніком, які праводзіць гэта галасаванне.
 
2) Зацверджаны імі праект размяшчаецца яго аўтарам ці галоўным мадэратарам інтэрнэт-галасавання на чаце для галасавання не меней, чым за двое сутак да яго пачатку. Праекты дакументаў для агульнапартыйнага галасавання ці галасавання дэлегатамі з’езда партыі размяшчаюцца не пазней, чым за трое сутак да галасавання.
 
3) Адразу пасля размяшчэння праекта дакумента ўдзельнікі галасавання атрымоўваюць права адзін раз выказацца на чаце для галасавання супраць яго прыняцця. Альбо адзін раз размясць на гэтым чаце свае папраўкі да гэтага праекта дакумента.
 
4) Усе ўдзельнікі галасавання могуць паставіць свой лайк ці дызлайк пад кожным з выказванняў удзельнікаў галасавання.
 
5) Прыём паправак у праект дакумента і пярэчанняў супраць яго спыняецца за суткі да галасавання. На працягу сутак галоўны мадэратар галасавання і аўтар павінны альбо прыняць аргументы супраць праекта дакумента і зняць яго з галасавання, альбо адказаць на чаце на ўсе прэтэнзіі і папраўкі.
 
6) Калі праект дакумента не зняты імі з галасавання, яны могуць унесці ў яго некаторыя з паправак удзельнікаў абмеркання.
Удзельнікі галасавання пры неабходнасці могуць сфармаваць рэдакцыйную камісію, каб зрабіць працу над дакументам больш аператыўнай.
 
7) Апошняя версія дакумента размяшчаецца на чаце для галасавання не пазней, чым у прызначаны час пачатку галасавання.
Дакладна у час пачатку галасавання на чаце, дзе яно праводзіцца, размяшчаецца бюлетэнь для галасавання, падрыхтаваны адным з адміністратараў галасавання. Таксама на чаце галоўны мадэратар размяшчае інфармацыю пра агульную колькасць партыйцаў, якія маюць права галасаваць.
 
8) З моманту пачатку галасавання ўсе дыскусіі на яго чаце спыняюцца. Каментары парушальнікаў выдаляюцца адміністратарамі ці галоўным мадэратарам.
 
9) Дапускаецца дадатковае папярэджанне па іншым каналам сувязі пра магчымасць прагаласаваць тых сябраў партыі, якія не наведалі чат галасавання на працягу часу, адведзенага на галасаванне.
 
10) Таксама дапускаецца галасаванне па іншым каналам сувязі сябраў партыі, якія не маюць тэхнічнай магчымасці скарыстацца сваім правам голаса. Яны даводзяць сваю пазіцыю па пытанням, вынесеным на галасаванне, праз свайго непасрэднага партыйнага кіраўніка.
 
11) Пасля завяршэння часу галасавання яно спыняецца.
 
12) Галасаванне за партыйныя дакументы – адкрытае, калі ўдзельнікі галасавання адкрытым галасаваннем не прымуць іншага рашэння.
 
11. ПАДВЯДЗЕННЕ ВЫНІКАЎ ГАЛАСАВАННЯ
 
1) Пасля завяршэння галасавання галоўны мадэратар абвяшчае ў чаце галасавання, ці адбылося яно.
Для гэтага патрэбна, каб у ім узялі ўдзел болей за палову сябраў партыі, якія мелі права галасаваць.
 
2) Сябры партыі, якія дабраахвотна пакінулі чат для галасавання, ці якія тройчы запар не ўдзельнічалі ў галасаваннях на ім, пры вызначэнні кворума не ўлічваюцца.
 
3) Калі галасаванне адбылося, то галоўны мадэратар аб’яўляе яго папярэднія вынікі і прапануе ўдзельнікам галасавання да вызначанага часу выказаць у чаце для галасавання свае заўвагі да яго сумленнасці.
 
4) Кожны з удзельнікаў галасавання мае права выказаць свае заўвагі толькі адзін раз.
Каментары парушальнікаў выдаляюцца адміністратарамі.
Калі да вызначанага часу заўваг не паступіла, вынікі галасавання ўступаюць у сілу.
 
5) Калі да вызначанага часу заўвага ці заўвагі выказаны, то адзін з арганізатараў галасавання, вызначаны галоўным мадэратарам, каментуе гэтыя заўвагі не болей аднаго разу кожную і прапануе зацвердзіць ці не зацвердзіць вынікі галасавання.
 
6) Яго прапанова адразу ставіцца на галасаванне. Дзеля чаго на чаце размяшчаецца адпаведны бюлетэнь і даводзіцца час канца галасавання.
 
7) Пасля завяршэння гэтага працэдурнага галасавання па яго вынікам асноўнае галасаванне канчаткова зацвярджаецца ці не зацвярджаецца.
 
8) Рашэнні ў працэдурных галасаваннях прымаюцца адноснай большасцю галасоў яго ўдзельнікаў адкрытым галасаваннем.
 
12. ГАЛАСАВАННЕ НА ПАРТЫЙНЫЯ ПАСАДЫ
 
1) Рашэнне пра правядзенне інтэрнэт-галасавання на партыйныя пасады, яго дакладны час і працягласць прымаюць кіруючыя органы тых партыйных структур, якія маюць статутнае права выбіраць на гэтыя пасады.
 
2) Вылучэнне кандыдатаў на партыйныя пасады для інтэрнэт-галасавання пачынаецца не меней чым за двое сутак да яго. Правам вылучэння валодаюць арганізацыі, камітэты і сябры партыі, якія ўваходзяць у партыйную структуру, што праводзіць інтэрнэт-галасаванне.
Вылучаныя кандыдаты павінны на працягу сутак пасля пачатку вылучэння заявіць пра самаадвод альбо пра згоду балатавацца.
 
3) Галоўны мадэратар галасавання за суткі да яго пачатку размяшчае на чаце для галасавання інфармацыю пра спыненне вылучэння. Далей ён размяшчае на ім спіс вылучаных кандыдатаў, якія далі згоду балатавацца на партыйныя пасады. І аб’яўляе пра магчымасць задаваць пытанні кандыдатам.
 
4) Кожны, хто мае права ўдзельнічаць у галасаванні, мае права задаць на чаце не болей за адно пытанне да кожнага з кандыдатаў. Кожны кандыдат мае права адзін раз адказаць на кожнае з зададзеных яму пытанняў. Адміністратары выдаляюць выказвальнні парушальнікаў гэтых абмежаванняў.
5) У інтэрвал часу не раней за тры гадзіны да пачатку галасавання і не пазней за адну гадзіну да яго мадэратар дазваляе размясціць на чаце не болей за тры выказванні “за” і тры “супраць” за кожнага з кандыдатаў. Выказванні размяшчаюцца ў парадку паступлення. Тыя з іх, якія перавысілі ліміт, выдаляюцца адміністратарамі.
 
6) За адну гадзіну да пачатку галасавання кожны кандыдат атрымоўвае права адзін раз адказаць на крытыку ў свой бок. Лішнія выказванні выдаляюцца адміністратарамі.
 
7) У час пачатку інтэрнэт-галасавання адказны адміністратар размяшчае бюлетэнь для яго на чаце для галасавання. Галоўны мадэратар размяшчае там жа інфармацыю пра агульную колькасць партыйцаў, якія маюць права галасаваць.
 
8) Пасля гэтага галоўны мадэратар аб’яўляе пачатак галасавання, якое праводзіцца ў адпаведнасці з пунктамі 8)-11) раздзела 10 гэтага РЭГЛАМЕНТА.
 
9) Калі галасаванне адбылося, галоўны мадэратар праводзіць у адпаведнасці з раздзелам 11 РЭГЛАМЕНТА працэдуру зацвярджэння яго вынікаў.
 
10) Галасаванне на партыйныя пасады – таемнае. Перад таемным галасаваннем яго ўдзельнікі павінны зарэгістравацца на чаце, дзе праводзіцца гэтае галасаванне.
 
НА ЗАВЯРШЭННЕ
 
Улічваючы адсутнасць працяглага досведу выкарыстання інтэрнэт-галасавання ды пастаяннае развіццё ІТ-тэхналогій, яго арганізатары і ўдзельнікі заклікаюцца пастаянна выпрацоўваць рэкамендацыі па яго ўдасканаленню.
Гэтыя рэкамендацыі мэтазгодна шырока абмяркоўваць у партыйных чатах.