18 верасня ў Вільні адбылася канферэнцыя, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч — яркай беларускай дзяячкі пачатку мінулага стагоддзя, адной з заснавальніц беларускага нацыянальнага адраджэння, паэткі, грамадскай і палітычнай актывісткі.

Арганізатарамі выступілі Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя, беларуская партыя «Народная Грамада» і Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Як падкрэсліў у звароце з нагоды адкрыцця канферэнцыі спікер Сейма Літвы Юозас Олекас, лёс Алаізы Пашкевіч непарыўна звязаны з Літвой і Вільняй. Тут сустракаліся прадстаўнікі беларускай і літоўскай культур. А муж дзяячкі Стэпанас Кайрыс мае для Літвы такое ж значэнне, як Алаіза для Беларусі. Яны ўзаемна дапаўнялі і падтрымлівалі адно аднаго. Такія асобы востра неабходныя нацыі як прыклад і маяк — асабліва ў цяжкія, смутныя часы.

Тэма выклікала вялікую цікавасць з літоўскага боку. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел многія вядомыя палітыкі Літвы, Беларусі і Украіны, навукоўцы, а таксама былы сенатар Францыі, сацыяліст Жан-Іў Леконт.

А 25 верасня ў Музеі Марыі і Юрыя Шляпеляў у Вільні пройдзе яшчэ адна канферэнцыя, прысвечаная Алаізе Пашкевіч. На гэты раз яна будзе навукова-практычнай. Па яе выніках плануецца выданне дакладаў, прысвечаных Стэпанасу Кайрысу і Алаізе Пашкевіч, на літоўскай і беларускай мовах.

Гэта важна для беларускага нацыянальнага адраджэння і ўзаемаразумення літоўцаў і беларусаў. 🤍❤️🤍

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА