*

*

Сёння Мікалаю Статкевічу — 70 гадоў.

Мікалай Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Вайсковы па адукацыі, ён на пачатку 1990-х далучыўся да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1991 годзе заснаваў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, а ў 1995-м узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Народная Грамада».

За сваю палітычную дзейнасць Статкевіч не аднойчы трапляў за краты. У 2004 годзе яго асудзілі за арганізацыю пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2010-м ён стаў кандыдатам у прэзідэнты і пасля разгону Плошчы быў арыштаваны, атрымаўшы шэсць гадоў калоніі. На волю палітык выйшаў у жніўні 2015 года.

У трэці раз Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет у Мінску. Пазней яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму і адправілі ў калонію ў Глыбокае, дзе ён правёў больш за два гады ў рэжыме інкамунікада.

11 верасня 2025 года Статкевіча разам з іншымі вызваленымі палітвязнямі прывезлі да літоўскай мяжы. Ён адзіны адмовіўся ад прымусовай высылкі з Радзімы, вярнуўся на беларускі бок і зноў апынуўся за кратамі. У калоніі ён перанёс інсульт.

19 лютага 2026 года Мікалай Статкевіч нарэшце вярнуўся дадому ў Мінск. Як ён сам сказаў у інтэрв’ю нямецкай газеце Zeit, свайго цяперашняга статусу ён не ведае.

Сёння яму 70 гадоў. Нягледзячы на ўсе здзекі рэжыму, Мікалай Статкевіч не зламаўся і не здаўся. Рэжым не здолеў адабраць у яго галоўнае: перакананні, годнасць і права самому вырашаць свой лёс.

З Днём нараджэння, Мікалай Віктаравіч! Жадаем здароўя, сіл і як мага больш гадоў у той свабоднай Беларусі, за якую Вы змагаецеся ўсё жыццё.

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА