Чатыры шляхі для Беларусі.

Чатыры шляхі для Беларусі

Дык што мы маем на сённяшні дзень?

Беларусь — краіна ў самым сэрцы Еўропы, амаль у сярэдзіне XXI стагоддзя, знаходзіцца ў становішчы сярэднявечнай паўфеадальнай разваленай дзяржавы, якую і дзяржавай-то можна назваць толькі з вялікай нацяжкай. Улічваючы геапалітычную сітуацыю ў свеце і тое, як так званы «злы калектыўны Захад», якога кляймяць ворагам ужо трыццаць гадоў, апошнім часам пачаў шчоўкаць па спадарожніках пуцінскай Расіі, якая дэ-факта з’яўляецца гаспадаром «гаспадара» Беларусі, у нашай шматпакутнай сінявокай краіны сапраўды ёсць чатыры адкрытыя, але складаныя шляхі.

Першы шлях. Мы можам і далей гуляць у вялікіх эканамістаў і трасьці сваімі псэўдамагутнасцямі — прамысловымі, ваеннымі, аграрнымі і г.д., пры гэтым усё глыбей і глыбей пагружацца ў эканамічнае балота, якое нас рана ці позна зацягне так, што мы не проста не выберамся з яго, а пасялімся там — у самай глыбіні — назаўсёды. І будзем шчыра лічыць, што гэта найлепшае жыццё ў свеце. Гэта — шлях самападману і стагнацыі, калі краіна, прыкрываючыся лозунгамі пра «вялікасць» і «самастойнасць», фактычна кансервуе беднасць і залежнасць, ператвараючы крызіс у норму жыцця.

Другі шлях — гэта гушчар сусветнай геапалітыкі. Зараз на полі бою ва Украіне вырашаецца лёс Еўропы і свету, а тым больш — лёс Беларусі. Таму найменшы няправільны крок — і Беларусь з адносна невялікім насельніцтвам будзе па-сапраўднаму ўцягнута ў гэтую вайну. І тады ў гэтым гушчары чарговы раз ляжа палова беларускага народа. І нічога добрага з гэтага не выйдзе. Гэты гушчар знішчыць усіх, хто застанецца, нават тых, хто не загінуў.

Трэці шлях — гэта шлях разрабавання ўласнай краіны тым самым гаспадаром «гаспадара», які цяпер знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы. Расія адчувае дэфіцыт ва ўсім — ад чалавечых рэсурсаў, якіх можна паслаць на вайну, да бензіну і прадуктаў харчавання. І калі далей працягваць бегаць на цыпачках паміж «злым Захадам» і гаспадаром, то скончыцца гэты цырк з канямі тым, што рэсурсы будуць амаль дарма аддавацца ў Расію, а беларусам нічога не застанецца. Беларусы проста застануцца жыць у разрабаванай пустыні, дзе няма нічога і ні для каго.

Чацвёрты шлях — самы складаны. Гэта шлях здаровага сэнсу, шлях адкідання археамаразму, старэчых амбіцый і ўсяго, што супярэчыць нармальнаму ладу жыцця нармальных людзей, народаў і краін. Гэты шлях — паварот назад, каб вярнуцца ў зыходную кропку і пачаць усё нанова. Не проста пачаць нанова, а пачаць нанова з падтрымкай і ў калектыве нармальных партнёраў, якія зацікаўлены ў здаровай, моцнай Беларусі. Але гэты шлях цяперашняя ўлада наўрад ці абярэ, бо ў нас тэатр абсурду перамог здаровы сэнс. Ну і страшна, вядома ж, будзе некаторым чыноўнікам і номенклатурным адзінкам за свае месцы і іх перспектывы.

Віктар Кюкь

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА