Дэлегацыя Народнай Грамады ўзначаліла беларускую калону на перапахаванні К. Каліноўскага

У Вільні прайшла ўрачыстая дзяржаўная цырымонія перапахаваньня паўстанцаў 1863–64 гадоў — Кастуся Каліноўскага і 19 яго паплечнікаў. На плошчы перад кафедральным саборам горада сабраліся тысячы чалавек, падаўляючая большасць з якіх — беларусы.

Сярод іх першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Народнай Грамады Мікалай Статкевіч, паэт і палітык Уладзімір Некляеў, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Беляцкі, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і іншыя. У мерапрыемствы прыняла ўдзел дэлегацыя Народнай Грамады.

Літва і Польшча былі прадстаўлены прэзыдэнтамі Гітанасам Наўседам і Анджэем Дудам. Таксама прысутнічалі былыя літоўскія кіраўнікі (Вітаўтас Ландсбэргіс, Валдас Адамкус, Даля Грыбаўскайце) і дэлегацыі з Украіны і Латвіі.


Кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад БНК Мікалай Статкевіч пракаментаваў ролю Каліноўскага ў беларускай гісторыі: «Каліноўскі — бясспрэчны галоўны герой для Беларусі. Ён аддаў жыццё ў 26 гадоў за нашу Радзіму. Якія яшчэ патрэбныя довады? Якія яшчэ патрэбныя прыклады? Перад шыбеніцай, на краю вечнасці, не хлусяць. Ён даў новы імпульс нашай беларускай справе. І цяпер гэта нейкі знак звыш: перад пагрозай страты незалежнасці Каліноўскі зноў паўстае і паказвае нам шлях: як дзейнічаць і як змагацца».

На жаль, самазваная ўлада Беларусі амаль праігнаравала мерапрыемства. Ўдзельнікі не пабачылі ні так званага “прэзідэнта”, ні роты ганаровай варты.

Магчыма, у Маскве не падпісалі камандзіроўку?

Замест сябе “прэзідэнт” паслаў аднаго са сваіх чыноўнікаў, які меў нахабства заявіць, што «для кожнай краіны ёсць свой вобраз Кастуся Каліноўскага, але ён не павінен стаць той гістарычнай фігурай, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах».

На гэтыя словы беларусы на плошчы адказалі магутным «ганьба».

Фота: Прэс-служба Народнай Грамады, Радыё Свабода, Вячаслаў Барок, Delfi