ДЗЯРЖАЎНЫ ЭГАІЗМ ПОТЫМ ДОРАГА АБЫХОДЗІЦЦА

Польшча просіць ЗША размясціць амерыканскую бронетанкавую дывізію ля сваёй усходняй мяжы.

На першы погляд, гэта натуральны клопат пра бяспеку свайго народа ў сувязі з пагрозай расійскай агрэсіі.
Але, рэальна, такі крок можа прывесці да дэстабілізацыі рэгіёна з цяжкімі наступствамі.

Пры непараўнальна меньшай, чым у NATO, эканамічнай, тэхналагічнай і, адпаведна, вайсковай моцы Расіі, у нашым рэгіёне яна мае значную лакальную ваенную перавагу. Невялікіх войскаў балтыйскіх краін, сённяшняй польскай арміі і некалькіх сімвалічных батальёнаў заходніх дзяржаў Альянса недастаткова, каб стрымаць расійскія танкавыя арміі, калі яны рушаць на захад.

А калі ў адказ заходні блок збярэ ў рэгіёне сваю магутную ваенную машыну, лакальнае прымяненне расійскай тактычнай ядзернай зброі прымусіць спыніць баявыя дзеянні і захавае пад кантролем Масквы захопленыя ёй тэрыторыі. 

Прынамсі, на гэта спадзяюцца і так плануюць расійскія генералы. Вучэнні “Захад-2017” гэта падцвердзілі. Таму польскае кіраўніцтва і звярнулася да Трампа з вышэйзгаданай просьбай.

Але што адбудзецца, калі іх просьба будзе выкананая? 

Па-першае, NATO парушыць сваю дамову з Расіяй аб неразмяшчэнні на пастаяннай аснове на тэрыторыі ўсходніх краін Альянса вайсковых кантынгентаў яго заходніх членаў. Менавіта з-за гэтай дамовы натаўскія батальёны ў Балтыі і Польшчы кожныя паўгады робяць ратацыю свайго асабовага складу.

Па-другое, парушэнне дамовы выкліча ў Расіі вельмі адмоўную рэакцыю. Пад ціскам ім жа самім створанай грамадскай думкі, Крэмль мусіць рэагаваць. Найбольш імавернай рэакцыяй будзе размяшчэнне значных расійскіх вайсковых кантынгентаў у Беларусі. А марыянеткавы дыктатар у Мінску падпарадкуецца рашэнню гаспадара – рычагоў уплыву на яго дастаткова.

Калі ж амерыканскія і расійскія войскі будуць раздзелены толькі беларускай мяжой, то рэзка ўзрастае імавернасць выпадковых збройных сутыкненняў з наступнай эскалацыяй у паўнавартасны ваенны канфлікт. З усімі яго наступствамі для беларускага і польскага народаў.

Залежная ад Масквы Беларусь – кепскі буфер. Але лепш такі, чым ніякага.

Па-трэцяе, расійскі вайсковы кантынгент на тэрыторыі Беларусі зробіць ліквідацыю яе незалежнасці пытаннем часу. Пры поўнай адсутнасці беларускіх патрыётаў сярод вышэйшага камандавання беларускай арміі перашкаджаць гэтаму яна не стане. Патрыётам застанецца толькі няроўная партызанская барацьба. 

Невядома, колькі часу будзе ў Польшчы амерыканская дывізія, калі яе ўсё ж размесцяць. А вось Расія ў 180 км ад Варшавы можа застацца назаўсёды. 
Адказны ўрад не мае права на крокі, з-за якіх могуць пацярпець наступныя пакаленні.

Гісторыя рэгіёна шмат чаму вучыць нас. Бо за апошнія 500 год ні ментальнасць яго народаў, ні геаграфія істотна не змяніліся. 

Таму нам важна памятаць урокі мінулага. Напрыклад, чаго каштавала “Рэчы Паспалітай двух народаў” польская палітыка ва Ўкраіне з канца 16-га стагоддзя па сярэдзіну 17-га. Ці наступствы адмоўнага стаўлення польскага кіраўніцтва да спроб беларусаў у 1919-1920 гадах утварыць сваю, буферную паміж Расіяй і Польшчай, дзяржаву. 

Празмерны нацыянальны эгаізм ва ўзаемазалежным свеце заўсёды вядзе да адплаты ў будучыні. Іншы раз і чакаць доўга не прыходзіцца.

Самы лепшы адказ на пагрозу бяспецы – умацаванне абароназдольнасці ўласнага войска. Мо, на тыя 2 мільярды, што польскі ўрад гатовы аддаць на размяшчэнне чужой дывізіі, варта было б сфармаваць яшчэ адну сваю?

І ўмацоўваць саюз ды ўзаемную дапамогу з суседнімі краінамі. Найперш, з Украінай і балтыйскімі дзяржавамі. Польскія і ўкраінскія салдаты, як мінімум, нічым не горшыя за расійскіх. Разам дзве краіны будуць здольныя стварыць баланс сіл у рэгіёне і стрымаць агрэсара да падыходу сіл саюзнікаў. Гэта зробіць імавернасць вайны мінімальнай. Важна толькі адсунуць у бок гістарычныя крыўды, але памятаць урокі мінулага і рабіць з іх належныя высновы.

А “Форт Трамп” у Польшчы будзе апраўданы, калі Расія першая размесціць свае вайсковыя кантынгенты ў Беларусі ці анэксуе нашу краіну. Пра гэта амерыканскі і польскі ўрад маглі б ужо зараз папярэдзіць Крэмль.

About The Author