Интэрв’ю Мікалая Статкевіча для “НН”

Палітык Мікалай Статкевіч апошнія месяцы актыўна ездзіць па краіне, ён ладзіць сустрэчы ў абласных і раённых цэнтрах Беларусі. Што бачыць Статкевіч падчас такіх спатканняў, што цікавіць людзей, ці замінае праводзіць сустрэчы КДБ? Пра ўсё гэта спадар Мікалай расказаў «НН».
 
«Важным фактарам з’яўляецца фактар памяшкання. Прызнаемся, што гэта значны стрымліваючы фактар. Асабліва ў малых гарадах. На жаль, калі не атрымліваецца знайсці нейтральнае памяшканне, то людзі баяцца прыходзіць.
 
Увогуле фактар страху вельмі істотны. Бо часам даходзіць проста да неймаверных рэчаў, калі маці студэнта пятага курса не ідзе на сустрэчу, бо баіцца, што сына адлічаць з універсітэта.
 
Але няглядзячы ні на што, людзі прыходзяць. Вельмі часта ў памяшканнях проста не хапае месцаў для ўсіх ахвотных.
 
Самая шматлікая сустрэча на сённяшні момант была ў Віцебску, на яе прыйшло каля 80 чалавек, давялося цягаць крэслы, шмат хто стаяў.
Гэта было незнаёмае мне памяшканне, прамзона, нешта накшталт нашай вуліцы Кастрычніцкай, дарэчы, таксама Кастрычніцкая, такая арт-прастора. І вось на такіх сустрэчах на нейтральных пляцоўках выразна адчуваецца, што большасць людзей на іх — новая аўдыторыя.
 
Прыходзяць людзі, якія бачаць абвесткі ў самых розных месцах. Старэйшыя бачаць іх у «Аднакласніках», маладзейшыя — «Укантакце». Аўдыторыя вельмі разнастайная: па поглядах, па узросце, па пытаннях.
 
Асноўныя пытанні, якія цікавяць людзей — гэта найперш сацыяльныя праблемы. На другім месцы стаяць пытанні, звязаныя з захаваннем нашай краіны незалежнасці. І трэцяя група пытанняў — гэта палітычныя. Людзей цікавіць, як будзе адбывацца змена ўлады.
 
Па маіх адчуваннях, ёсць нейкія прыхільнікі гэтага рэжыму, але каля 80% людзей цяпер выступаюць за перамены.
 
Але калі не браць тэлевізійных журналістаў і чыноўнікаў, то прыхільнікі рэжыму кудысьці пазнікалі. Сацыёлагі называюць гэтую з’яву «спіраллю змоўчання». Раней яна была ў іншы бок, тады прыхільнікі рэжыму паводзілі сябе гучна, а апазіцыйная меншасць проста знікала. Тады здавалася, што амаль увесь народ падтрымлівае Лукашэнку. Цяпер зусім іншыя адчуванні.
 
Людзей вельмі цікавяць спосабы змены ўлады, яны пра гэта пытаюцца, прапануюць свае варыянты, пытаюцца пра выбары. Натуральна, што нікому не хочацца гвалту і вайны, але ёсць і такія, хто кажа пра больш рашучыя дзеянні.
 
Калі падагульняць, то я б назваў дзве эмоцыі, якія пераважаюць у адчуваннях людзей: надзея і трывога. Надзея праз тое, што людзі адчуваюць непапулярнасць уладаў, адчуваюць хуткія змены і спадзяюцца, што гэтыя змены будуць у лепшы бок. І адначасова трывога, што гэтыя змены могуць прывесці да чагосьці кепскага: агрэсіі, гвалту, страты незалежнасці.
 
Прыхільнікі «рускага свету», прыхільнікі Пуціна прыходзяць на сустрэчы. Людзі шукаюць адказы на пытанні: што далей, з кім далей? І ў іхніх галовах гэта неяк укладваецца. Вельмі дзіўна чуць, калі такія людзі напрыканцы сустрэчы падыходзяць і кажуць: «Мы вас падтрымліваем». Пры гэтым ад сваіх поглядаў яны не адмаўляюцца, я не разумею, як гэта сумяшчаецца. А так — надзея і трывога. Гэта і мае пачуцці таксама.
 
У нас былі яшчэ вялікія сустрэчы ў Гродне і Гомелі, апроч Віцебска, дык я не адчуў розніцы ў чаканнях людзей у розных рэгіёнах краіны.
 
Моладзь прыходзіць, але яна не дамінуючая. Яны слухаюць, але самі рэдка ўступаюць у дыскусіі. І калі сустрэча доўжыцца больш за паўтары гадзіны, то ім цяжка гэта ўспрымаць, патрабуюць большай дынамікі. Яшчэ адна характэрная адметнасць — амаль не стала гарадскіх вар’ятаў.
 
Я магу сабе гэтым нават нашкодзіць, але скажу, што спецслужбы ніяк не замінаюць правядзенню сустрэч. Дзіўнае адчуванне, але падобна, што ўлада дае нам праводзіць гэтыя сустрэчы з людзьмі. Я разглядаю гэта як вельмі кепскі знак. Чаму? Бо ўсе гэтыя размовы пра паглыбленую інтэграцыю выглядаюць тады, як вельмі жорсткі ціск Масквы, і рэжым адчувае ўсю складанасць дадзенай сітуацыі. Магчыма, нам даюць працаваць, каб выкарыстоўваць як нейкую страшылку. А магчыма, каб мы маглі сапраўды нешта супрацьпаставіць на выпадак крайніх сцэнароў. Некаторыя мае сябры жартуюць, называючы мяне апошняй надзеяй Лукашэнкі.
 
Я вылучаны БНК не проста кандыдатам у прэзідэнты, я вылучаны лідарам пратэсту ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Вылучэнне — гэта палітычны крок, каб прыцягнуць да мяне ўвагу, умацаваць мае пазіцыі. Тое, што адбываецца цяпер, мы назавем першым аб’ездам. Пасля кожнай адбываецца павелічэнне актыву. Другі сур’ёзны аб’езд мы плануем падчас парламенцкіх выбараў.
 
Станоўчы момант, які я бачу на гэтых сустрэчах — падаўляльная большасць людзей рускамоўныя, але калі ў іх пытаешся на якой мове выступаць, то яны адказваюць: канечне, па-беларуску. І вось гэтыя людзі цудоўна разумеюць, чаго не разумее ўлада — што без мовы не будзе ўласнай дзяржавы».
 

About The Author