Кожны вечар беларусы Вільнюса прыходзяць да народнага мемарыяла каля амбасады Беларусі і запальваюць свечкі. Гэтае месца прысвечана тым, каго забраў рэжым Лукашэнкі, а таксама героям-добраахвотнікам, якія загінулі, абараняючы Украіну.
Свечкі гараць у памяць пра тых, каго катавалі, пра тых, хто не вярнуўся з турмаў, пра тых, хто аддаў жыццё за свабоду. Гэты ціхі, але моцны жэст — напамін пра тое, што за кожнай лічбай стаіць чалавечы лёс.
У запальванні свечак рэгулярна ўдзельнічаюць і актывісты Партыі «Народная Грамада». Бо пакуль мы памятаем, нічога не скончыцца, рэжым не пераможа. Памяць не дае рэжыму сцерці імёны, не дазваляе перапісаць гісторыю і зрабіць выгляд, што нічога не адбылося. Пакуль гарыць хоць адна свечка, гарыць і наша воля да свабоды і справядлівасці.

