Мікалай Статкевіч: Беларусь знаходзіцца напярэдадні драматычных падзей…

Палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра “крамлёўскія гульні” і пагрозу для незалежнасці Беларусі.

“Грамадства не ацэньвае небяспеку, – кажа Мікалай Статкевіч. – Гэта такі сіндром бездапаможнасці…”

– Пагроза для незалежнасці краіны, як ніколі вялікая, – кажа Мікалай Статкевіч. – Расія вельмі хоча атрымаць тое, за што плаціла беларускай уладзе 20 гадоў – Беларусь. У 1999 годзе Лукашэнка падпісаў Саюзную дамову, дваццаць гадоў беларуская ўлада атрымлівала з Расіі грошы, тым самым утрымліваючыся ў сваім крэсле, а зараз Масква патрабуе аддаць ёй аплочаны “тавар”.

– Чаму вы лічаце, што сітуацыя вельмі небяспечная?

– Таму што існаванне гэтага рэжыму без Расіі немагчыма. Беларуская эканоміка не можа існаваць без расійскіх датацый. Некаторыя эксперты лічаць, што без іх мы згубім ўсяго толькі некалькі сот мільёнаў долараў, але гэта, мякка кажучы, няпраўда. Будзе эканамічнае крушэнне, уся прамысловасць і сельская гаспадарка разваляцца.

Можна было вырашыць праблему з дапамогай рэформаў, але для ўлады гэта яшчэ больш непрымальна, бо эканамічныя рэформы могуць пацягнуць за сабой і палітычныя. Таму сітуацыя вельмі сур’ёзная. Крэмль метадычна і ціха даціскае Беларусь.

– Якім чынам гэта адбываецца?

– Пакуль нашы вярхоўныя дзеячы лямантуюць пра “не аддадзім незалежнасць”, Масква штогод скарачае свае фінансавыя датацыі Беларусі і чакае, пакуль рэжым не вытрымае.

І зараз краіна знаходзіцца на гістарычным скрыжаванні. Праводзіць рэформы? На гэта, як ужо казаў, не пойдуць. У такім выпадку што застаецца? Пакрысе прадаваць краіну. Не падпісалі пагадненні 8 снежня? Нешта падпішуць 20-га альбо пазней. На абвастрэнне сітуацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў беларускі кіраўнік не пойдзе. Спачатку падпішуць паперы, пасля зробяць агульны парламент, урад, войска і ўсё астатняе.

Я яшчэ восенню мінулага года пісаў пра ўсё гэта, і тады некаторыя палітолагі ставілі мае словы пад сумненне: маўляў, гэтага не можа быць, бо да гэтага часу такога не было. Але зараз усё будзе. Ранейшая сітуацыя ў Беларусі не захаваецца, і, як мне падаецца, Беларусь знаходзіцца напярэдадні драматычных для краіны падзей.

– Відаць, у такой сітуацыі сваё важкае слова павінна сказаць беларускае грамадства?

– Калі Народная Грамада праводзіла 6 кастрычніка акцыю ў абарону незалежнасці, мы пераканаліся, што грамадства не ацэньвае небяспеку. Гэта такі сіндром бездапаможнасці. Некаторыя мяркуюць: у нас такі ўсемагутны кіраўнік, што не дапусціць страты незалежнасці, ён абароніць краіну.

Але не трэба забываць галоўны фактар. Ён такі ўсемагутны, таму што за ім стаяла Расія са сваімі бясконцымі датацыямі. А зараз гэтага няма. І таму, паўтаруся, сітуацыя небяспечная. Гэтая небяспека пакуль не відавочная, але яна ёсць і будзе нарастаць.

– Павел Севярынец сказаў, што зараз, на пэўны час, супадаюць інтарэсы беларускай улады і народа, што датычыцца абароны суверэнітэта краіны…

– Я думаю, што гэтае перамір’е паміж грамадствам і ўладай хутка скончыцца, таму што наперадзе будуць прэзідэнцкія выбары, а там беларускі народ зусім па-іншаму паставіцца да ўлады.

Лукашэнка, безумоўна, скарыстаецца нашымі выступамі за незалежнасць для павышэння сваіх перамоўных пазіцый з Масквой. А, магчыма, скарыстаецца імі і ў другі раз, каб нейтралізаваць лідараў. Таму я сваіх аднапартыцаў ўвесь час настройваю, што падчас акцый не трэба пераходзіць пэўную рысу, каб не нарвацца на тое, што затым можа інкрымінавацца як крымінал.

На жаль, колькасць лідараў несанкцыянаванага масавага пратэсту ў нас – усяго некалькі чалавек. Можна “выключыць” лідара – і акцыя скончыцца.

Хаця публічна трэба змагацца за незалежнасць. Няхай пратэсты будуць нешматлікія, але гэта лепш, чым нічога. Мы падтрымаем!

palitviazni.info

===

Вы можаце далучыцца да ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча па спасылцы.

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА