
Лідар партыі «Народная Грамада», былы палітвязень Мікалай Статкевіч стаў лаўрэатам прэстыжнай міжнароднай прэміі Homo Homini 2026. Узнагарода была ўручана падчас адкрыцця 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно пра правы чалавека One World, які праходзіць у Празе з 11 па 19 сакавіка.
Прэмію Homo Homini штогод уручае чэшская праваабарончая арганізацыя «Чалавек у бядзе» — адна з найбольш вядомых міжнародных арганізацый у галіне абароны правоў чалавека. Яе атрымліваюць тыя, хто праяўляе выключную мужнасць у змаганні за дэмакратыю, правы чалавека і мірнае вырашэнне палітычных канфліктаў.
Сёлета ўзнагарода прысуджана Мікалаю Статкевічу за шматгадовую прынцыповую барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Асобна адзначана яго рашэнне застацца ў краіне пасля вызвалення з турмы ў 2025 годзе, нягледзячы на рызыкі і ціск з боку ўладаў.
Гэтае прызнанне важнае не толькі для самога Мікалая і нашай партыі. Гэта знак міжнароднай салідарнасці з усімі беларусамі, якія працягваюць змагацца за свабоду і правы чалавека, якія пацярпелі за свае перакананні і былі вымушаныя прайсці праз турмы і рэпрэсіі.

