СТАТКЕВІЧ ВЫЙДЗЕ!Першы раз я ўбачыў Міколу Статкевіча 32 гады таму, на сустрэчы Зянона Пазьняка ў Ві…

*

СТАТКЕВІЧ ВЫЙДЗЕ!

Першы раз я ўбачыў Міколу Статкевіча 32 гады таму, на сустрэчы Зянона Пазьняка ў Віцебску.

Ішла перадвыбарчая кампанія 1994 года. Зянон выступаў у Драматычным тэатры, а перад уваходам сталі ардынцы «Славянскага сабора» са зняважлівымі плакатамі. Людзі мусілі ўваходзіць у будынак праз іхныя выкрыкі і пагрозы.
І тут пад адрывістыя каманды па-беларуску падышла калона апранутых у камуфляж хлопцаў з бел-чырвона-белымі шэўронамі на плячох – Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў.

Мінакі і наведнікі згрудзіліся, чакаючы бойкі. А шыхт БЗВ маршавым крокам як ішоў, так і рушыў паралельна ардынцам – і раптам, па камандзе, у адно імгненне дзясяткі рук з трэскам павырывалі ды параздзіралі тыя плакаты. «Сабораўцы», агаломшаныя, нават ня пікнулі – іх саміх ніхто не крануў і пальцам. А БЗВоўцы брава, не збаўляючы страявога кроку, зайшлі ў будынак.

Пасля, у 2000-х, на акцыях супраць фальшавання выбараў ды рэферэндумаў, маршах «недармаедаў» ды абароны незалежнасці, на «сутках» ці ў судах па крыміналках мы стаялі з Міколам плячо да пляча. Часам мы маглі разыходзіцца ў пытаннях тактыкі – але заўжды нязменнай заставалася мужнасць Міколы, ягоная шляхетнасць і беларускі гонар, уласцівы героям Караткевіча.

«Статкевіч выйдзе!» – заўжды былі ўпэўненыя тыя, хто планаваў любую вулічную пратэстную акцыю ў абарону Беларусі.

У верасні мінулага года мяне завялі ў кабінет намесніка начальніка гарадзенскай турмы. Той відавочна быў «на ўзводзе».

– Статкевіча знаеце? Освободілі… Он же із вашей «каткі», да?

Я адмовіўся размаўляць пра Статкевіча і падумаў: мабыць, Мікола выйшаў і даў такое інтэрв’ю, ад якога ў гэтых галовы захісталіся.

А ўжо потам даведаўся: Мікола зруйнаваў сцэнар Лукашэнкі сваёй асабістай адвагай – і застаўся ў Беларусі.
У турме, але на Радзіме.

Калі вызвалялі нашу групу, прынялі ўсе меры, каб ніводзін з нас ня змог паўтарыць учынак Статкевіча.
Мікалай Статкевіч – герой беларускай гісторыі.
Каго-каго, а яго зламаць ня ўдасца.

Не сумняюся: СТАТКЕВІЧ ВЫЙДЗЕ!

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА