Зміцер Паліенка брутальна затрыманы па крымінальнай справе

У Мінску каля дзясятай гадзіны раніцы 20 сакавіка ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 КК РБ (“Асабліва злоснае хуліганства”). Падрабязнасці затрымання ПЦ “Вясна” распавяла сяброўка Змітра Наста Гусева.

“Каля 10 ранку ў кватэру брутальна ўварваліся людзі з аўтаматамі, ў бронекамізэльках і масках. Адразу павалілі Змітра на падлогу тварам уніз, адзелі кайданкі. Затым выбілі дзверы ў суседні пакой, пачалі праводзіць вобшук. Паведамілі, што супраць Змітра заведзена новая крымінальная справа за “ асабліва злоснае хуліганства”.

Супрацоўнікі паведамілі, што справа нібыта звязана з інцыдэнтам тыднёвай даўніны.

“Прыкладна тыдзень таму Зміцер чакаў свайго сябра на лесвічнай клетцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык”, – пераказала гісторыю Наста. 

Вобшук у кватэры Змітра цягнуўся каля гадзіны. У актывіста канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д. У Насты Гусевай, якая знаходзілася ў той момант у кватэры, таксама канфіскавалі мабільны тэлефон. Паводле актывісткі, уся ўвага сілавікоў была накіравана менавіта на літаратуру і іншыя друкаваныя матэрыялы, якія знайшлі ў Паліенкі. Усе іх пытанні былі пра гэта, а абставіны справы іх асабліва не цікавілі.

Пасля вобшуку Змітра Паліенку павезлі ў ГОМ-2, адкуль яго, хутчэй за ўсё, павязуць у Следчы камітэт.

About The Author