Заява.

Сумесная Заява партый Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і Народная Грамада

Пасля вывучэння парадку дня канферэнцыі «Новая Беларусь», мы прыходзім да наступнай высновы:

Нягледзячы на складаную сітуацыю ў беларускім палітычным асяроддзі і відавочную неабходнасць дыялогу, праграма канферэнцыі не прадугледжвае рашэнняў, здольных адказаць на актуальныя выклікі. Усё плануецца паводле звыклага, даўно адпрацаванага сцэнара.

Асноўнымі тэмамі зноў становяцца абмеркаванне «дасягненняў» так званых «дэмакратычных сіл» за апошнія пяць гадоў, уручэнне ўзнагарод і ўзаемнае ўхваленне паміж «сваімі». Мы добра ведаем, як фармуецца «народная падтрымка» — і не маем ілюзій з гэтай нагоды.

Пры гэтым ніякага палітычнага дыялогу паміж рознымі сіламі не плануецца. А без такога дыялогу немагчыма не толькі аб’яднанне, але і рух наперад  да сапраўднай дэмакратыі.

Мы памятаем, як праходзілі папярэднія канферэнцыі «Новая Беларусь», і як цяжка, а часам і немагчыма, было выказаць іншы пункт гледжання. Парадак дня маючай адбыцца канферэнцыі толькі пацвярджае, што фармат застаўся тым самым.

Узнікае заканамернае пытанне: у чым сэнс удзелу ў такім мерапрыемстве? Каб прадэманстраваць «картинку» для заходніх партнёраў, ствараючы бачнасць кансалідацыі дзеля аўтаматычнага падаўжэння лідэрскіх паўнамоцтваў?
Ці, наадварот — яшчэ глыбей зацягнуць дэмакратычны рух у крызіс, ухіляючыся ад сумленнага аналізу падзей?

Зыходзячы з вышэйсказанага, партыі БХД і НГ прынялі рашэнне ўстрымацца ад удзелу ў канферэнцыі «Новая Беларусь» як у мерапрыемстве, якое не мае практычнага сэнсу і толькі адцягвае ўвагу ад рэальнай працы.

Пакуль беларускія «дэмакратычныя сілы» не прыйдуць да разумення неабходнасці палітычнага дыялогу паміж усімі зацікаўленымі бакамі, удзел у падобных фарматах лічым немэтазгодным.

Дэмакратыі трэба вучыцца — адыходзячы ад звыклай мадэлі «вертыкалі» і падзелу на «сваіх» i «чужых».

Жыве Беларусь!

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА