Эксперты ААН звязаліся з уладамі Беларусі, каб даведацца пра Мікалая Статкевіча. 

*

*

Эксперты ААН звязаліся з уладамі Беларусі, каб даведацца пра Мікалая Статкевіча.
Яны патрабуюць паведаміць пра яго месцазнаходжанне і стан здароўя.

23 верасня група незалежных экспертаў ААН рашуча асудзіла спробу дэпартацыі з Беларусі і наступнае знікненне вядомага 69-гадовага апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Заяву апублікавала Упраўленне ААН па правах чалавека.

Статкевіч, які адмовіўся пакідаць Беларусь, на мяжы з Літвой, 11 верасня 2025 года. Фота: ГТК

«Ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што Статкевіч стаў ахвярай гвалтоўнага знікнення і адвольнага затрымання. Мы заклікаем Беларусь даць інфармацыю пра яго лёс, месцазнаходжанне і стан здароўя», — заявілі эксперты.

Паведамляецца, што пасля адмовы пакінуць краіну, Статкевіча забралі сілавікі ў масках, і цяпер яго месцазнаходжанне невядомае.

«Спроба выдварэння Мікалая Статкевіча з уласнай краіны парушае артыкул 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю 12 лістапада 1973 года. Акрамя таго, не выключана, што гаворка ідзе пра магчымыя злачынствы з пункту гледжання міжнароднага права», — гаворыцца ў заяве.

Палітычных зняволеных гвалтоўна выдвараюць з Беларусі. Тэарэтычна вінаватым можа пагражаць пажыццёвае зняволенне — але на практыцы ўсё складаней.

Эксперты нагадалі, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ўжо разглядае зварот Літвы, у якім беларускія ўлады абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых з 2020 года — у форме дэпартацыі і палітычнага пераследу.

ААН чарговы раз падкрэслівае, што Беларусь павінна тэрмінова прывесці сваё антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і спыніць жорсткае абыходжанне з асуджанымі па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

Паведамляецца, што эксперты звязаліся з уладамі краіны па гэтым пытанні.

Нагадаем, 11 верасня беларускія ўлады вызвалілі і выдварылі з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасёк мяжу Беларусі і Літвы. Паводле сведкаў, ён выбіў нагой дзверы аўтобуса і адмовіўся пакідаць краіну. Некаторы час яго можна было бачыць на кадрах з камер на мяжы, пасля чаго яго ў невядомым напрамку забралі людзі ў масках.

15 верасня «Наша Ніва» са спасылкай на «дастатковую крыніцу» паведаміла, што палітвязень Мікалай Статкевіч зноў апынуўся ў калоніі ў Глыбокім. Ягоная жонка Марынa Адамовіч пазней распавяла, што ў ІК-13 у Глыбокім адмаўляюцца даваць інфармацыю пра месцазнаходжанне Статкевіча.

«Месцаў, дзе можна шукаць Мікалая, здаецца, не засталося: аб’ехала, абтэлефанавала, заявы падала — няма. Дакладней, нехта ўтойвае інфармацыю, як я разумею. Хіба ў „напёрсткі“ пагуляць?» — адзначыла яна 20 верасня.

За два дні да гэтага Лукашэнка выказаўся пра сітуацыю, заявіўшы, што палітвязня «забралі» з мяжы. Ён не ўдакладніў, хто яго забраў і дзе ён цяпер.

— Забралі яго. Не кідаць жа яго. Усё ж такі наш чалавек. Грамадзянін, дакладней, наш. Забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць?! Але калі ён хоча быць лідарам па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі — няхай там (у турме) знаходзіцца. Калі ён хоча сваю старасць як-небудзь аформіць і па-чалавечы пражыць <…> — ну хопіць, паваяваў — гэта іншая гісторыя. Па-чалавечы трэба падыходзіць, — сказаў Лукашэнка.

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА