Актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель распавёў пра тое, ці будуць наступныя прэзідэнцкія выбары адрознівацца ад папярэдніх.
Яўген Афнагель: Наступная прэзідэнцкая кампанія дакладна будзе адрознівацца ад таго, што адбывалася ў 2015 годзе. Да палітычнага складніку, які сам па сабе вельмі моцна аб’ядноўвае людзей у супрацьстаянні дыктатуры, дадаліся эканамічны і сацыяльны.
Сотні тысяч беларусаў ужо патрапілі пад дзеянне новага “дармаедскага” дэкрэта. Дзясяткі тысяч жыхароў заходніх абласцей пазбавяцца даходу з-за абмежаванняў на перамяшчэнне тавараў праз мяжу. Новыя паборы ўведзеныя ў адносінах да аўтамабілістаў і ўладальнікаў зямельных участкаў. Растуць кошты, у рэгіёнах людзі працуюць за 200-300 рублёў у месяц. Улады зрабілі сваімі ворагамі ўсе сацыяльныя групы. Пры гэтым людзі бачаць, як жывуць чыноўнікі і іх сем’і, а таксама набліжаныя да ўладаў алігархі. Карупцыю, новыя машыны і дарагія катэджы схаваць немагчыма. Незадаволенасць эканамічнай палітыкай уладаў і нянавісць да рэжыма абавязкова праявяцца падчас любых палітычных кампаній.
Улады гэта разумеюць і баяцца, таму спрабуюць закруціць гайкі – ужо амаль год заблакаваны сайт charter97.org, абмежаваныя магчымасці каментавання на іншых сайтах. Лукашэнка спрабуе не дапусціць да выбараў найбольш моцных дэмакратычных лідараў: не рэабілітаваныя былыя палітвязні – удзельнікі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, пад крымінальным пераследам знаходзіцца прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.
РР: Што для дэмакратычных сілаў было б аптымальна прапанаваць на выбарах гэтым разам?
Яўген Афнагель: Усё проста – трэба ўважліва слухаць і чуць, што кажуць людзі. Так атрымалася вясной 2017 года, калі патрабаванні апазіцыі і ўсяго народу гучалі аднолькава: “Не дэкрэту №3 – Лукашэнка, сыходзь”. Дзякуючы гэтаму тады ўдалося хай сабе часова, але дабіцца выканання першай часткі гэтага патрабавання.
Чаго хоча абсалютная большасць беларусаў зараз – даведацца нескладана. Для гэтага дастаткова паслухаць размовы на вуліцы, у транспарце, на прахадных заводаў, на рынках.
Калі апазіцыя будзе з народам і зараз, то разам даб’емся і выканання другой часткі. Магчыма, нават да прэзідэнцкіх выбараў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота euroradio.fm
https://www.racyja.com/palityka/yaugen-afnagel-apazitsyi-treba-pryslu/