Мікалай Дзядок: Дэкрэт ужо не той

Імітацыя барацьбы з дармаедствам можа і не прывядзе да раптоўнага рэвалюцыйнага выбуху але, безумоўна, дадасць шанцаў для яго веррагоднасці. Так што пачакаем…
 
Абноўленая версія Дэкрэту №3 запісала ў базу «дармаедаў» паўмільёна беларусаў. Па паведамленнях СМІ можа здавацца, што бюракратычная машына зноў пайшла бязлітасным крокам па галовах і кішэнях людзей, маючы намер татальна абчысціць кожнага грамадзяніна, які ўхіляецца ад «удзелу ў эканоміцы». Праўда, гэтым разам такое апакаліптычнае бачанне якраз далёкае ад ісціны.
 
Перш за ўсё, адкуль такія вялікія лічбы? Відавочна, улада, дакладней, распрацоўшчыкі дэкрэту з Міністэрства працы, вырашылі пайсці па прынцыпе «лепш хай застанецца, чым не хопіць» і загрэблі ў базу ўсіх, пра каго невядома, што яны не дармаеды. А вы ўжо, маўляў, даказвайце, што «не вярблюды». З беларускай спецыфікай лічба атрымалася гіганцкай. Бо ў ёй апынуліся і студэнты, якія вучацца за мяжой, і беларусы, якія за мяжой працуюць, і людзі, якія працуюць, але неафіцыйна. Затое ў яе не трапілі тыя «дармаеды», у якіх няма свайго жытла — то бок, якія не плацяць за жыллёва-камунальныя паслугі. Гэты факт надае новаму закону выгляд хутчэй імітацыі, чым сапраўднай барацьбы з «дармаедам».
 
У той жа час студэнты, людзі, якія не могуць знайсці працу па спецыяльнасці і людзі, што працуюць за мяжой — гэта тыя, каго ні з маральнага, ні з эканамічнага пункту гледжання дармаедамі назваць нельга. І яны, вядома, будуць адчуваць гэты статус, якім іх узнагародзіла дзяржава, як яўную несправядлівасць. Немалая (у абсалютных лічбах) колькасць людзей пойдзе па кабінетах высвятляць, з якога перапуду іх запісалі ў базу. І заваляць шараговых супрацоўнікаў і супрацоўніц выканкамаў скаргамі і папяровай працай. А мы пачуем яшчэ не пра адзін бюракратычны казус накшталт тых, што былі ў 2017-м, калі «лісты шчасця» прыходзілі нават памерлым. Распрацоўшчыкам дэкрэту, міністрам, іх намеснікам і памагатым, зрэшты ж, ад гэтага ні горача ні холадна — гэта ж не ім разграбаць горы паперак і камунікаваць з раз’юшанымі грамадзянамі!
 
Бяручы да ўвагі вялізарныя траты часу на стварэнне і фармаванне базы можна выказаць абгрунтаваную здагадку: як і ў мінулы раз расходы на прывядзенне ў жыццё дэкрэту альбо перабольшаць альбо будуць прыблізна роўныя даходам, якія атрымае дзяржава. Калі верыць падлікам TUT.BY, сярэдні «дармаед»- уласнік
аднапакаёўкі будзе праз жыроўку пераплачваць, у параўнанні з «не-дармаедам», каля 260 рублёў у год. Ранейшы ж падатак на дармаедства складаў 460 рублёў. Колькасць «дармаедаў» прыблізна аднолькавая (470 тыс. у 2017-м супраць 500 тыс. зараз). Дык у чым жа профіт дзяржавы? І ці акупіць ён яе іміджавыя страты?
 
Што ж датычна сацыяльных і палітычных наступстваў Дэкрэту, то нягледзячы на тое, што шэраг аптымістаў ужо чакае новай хвалі пратэстаў, гэтым надзеям наўрад ці наканавана спраўдзіцца.
 
Па-першае, важны псіхалагічны момант. Падвышэнне сумы ў жыроўцы, ды яшчэ і паступовае, гэта зусім іншая рэч, чым нахабнае адзінамаментнае выманне з тваёй кішэні 200 долараў. 
 
Па-другое, незаўважным бэкграўндам стаіць яшчэ адна, хранічная праблема беларускага грамадства: няверʼе ва ўласныя сілы.
 
Грамадзянская супольнасць належным чынам не адрэфлексавала нават вынікі мінулых пратэстаў. Тады, за нябачнай раней хваляй рэпрэсій згубіўся самы галоўны факт: мы перамаглі. З агаворкамі, з нюансамі, але перамаглі. Дэкрэт быў спачатку замарожаны, а потым адпраўлены на перапрацоўку. Залішне казаць, што без пратэстаў гэтага б не адбылося. Але за штохвіліннымі паведамленнямі аб затрыманнях і збіццях гэты факт адышоў на задні план, а потым увогуле забыўся. Та і не стаў у масавай свядомасці беларусаў пацверджаннем таго, што пры належнай смеласці і рашучасці народ можа прымусіць уладу адступіць. А для таго, каб выходзіць на пратэсты, разумець гэта варта.
 
Да чаго ж Дэкрэт дакладна прывядзе, дык гэта да яшчэ большай напругі ў грамадстве — у выглядзе  палярызацыі і росту недаверу ці нават варожасці да дзяржавы. Відавочна, што пэўная частка з гэтых 500 тысяч росту лічбаў у жыроўцы нават не заўважыць. А пацерпяць у першую чаргу тыя, для каго лішнія 20 рублёў штомесяц — гэта грошы. Вялікая частка з гэтых людзей пойдзе па кабінетах аспрэчваць свой статус, раз за разам сутыкаючыся з абыякавасцю, фармалізмам, валакітай і хамствам у дачыненні да сябе. Рэалізацыя прынцыпу «дармаедскіх камісій», дзе чыноўнікі будуць пракурорамі і суддзямі ў адной асобе яшчэ больш абвастрыць гэтыя і без таго нераўнапраўныя адносіны грамадзяніна і ўлады.
 
Цалкам чакана падвысіцца агульная запазычанасць грамадзян па ЖКГ. Ужо не толькі за кошт семʼяў хранічных алкаголікаў і беспрацоўных, але і за кошт тых, хто не можа дазволіць сабе аплаціць жыроўку неадкладна. Ужо сёння штогод за неўплату даўгоў па ЖКП з кватэраў «у нікуды» высяляюць грамадзян, адключаюць святло, газ і ваду. Можна не сумнявацца што з новым падаткам гэтыя сумы толькі павялічацца.
 
Безумоўна, усе гэтыя фактары, нават узятыя разам, не прывядуць да аднамаментнай рэвалюцыі ці нават масавых пратэстаў. Аднак сыграюць на істотнае павялічэнне колькасці людзей, прыгнечаных дзяржавай. І пакуль шматлікімі законамі аб экстрэмізме і атакамі на незалежныя СМІ дзяржаве ўдаецца не даць незадаволеным палітычна арганізавацца і радыкалізавацца, раней ці пазней рэпрэсіўных магчымасцяў на гэта можа ўжо не хапіць. І тады, можа стацца, народ прадʼявіць свой Дэкрэт сапраўдным дармаедам. І адбіцца ад яго паперкамі ўжо не атрымаецца.

About The Author