Мікалай Статкевіч: Свіння не вырашае

Лукашэнка так доўга трымаўся ва ўладзе толькі дзякуючы расійскаму фінансаванню свайго рэжыма. Думаў, што гэта вечная халява, бо ўзамен Крэмль патрабаваў, па яго меркаванню, толькі нейкую “драбязу” – знішчыць беларускую мову, пераследаваць патрыётаў, прапагандаваць рускі мір у сілавых структурах, аддаць Маскве стратэгічна важную газаправодную сістэму ды тэлевізійную прастору.

Мабыць, і свіння думае, што гаспадары кормяць яе проста ад вялікай любові да парнакапытных. Пакуль тыя не вырашаць, што сала ўжо дастаткова тоўстае.

Зараз Масква вырашыла, што сітуацыя саспела. Ды й грошай на кармленне стала не хапаць. Вось і пацягнулі “гаранта незалежнасці” на вяроўцы да канчатковай інтэграцыі. Той вішчыць, але куды яму дзецца. Сам жа кажа, што без расійскай падтрымкі існаванне яго “эканомікі” немагчымае.

Тым болей, што адразу анэксаваць Беларусь не плануюць, каб не выклікаць супраціву беларусаў. Хочуць часткамі забіраць уладу над краінай. А “гаранту” ўжо абяцаюць пасаду прэзідэнта аўтаноміі. Непараўнальна лепей, чым застацца сам-насам з удзячным народам.

Казаць, што нашу незалежнасць ад Масквы абароніць правіцель існуючага на яе фінансаванні рэжыма могуль толькі знявераныя ў сваіх сілах ці залежныя ад гэтага рэжыма людзі.

Патрыёты не маюць права пасіўна назіраць, пакуль з-за межаў зноў вырашаюць лёс нашай краіны. Як гэта рабіла большасць беларусаў у 1918 годзе. За пасіўнасць у вырашальныя моманты гісторыі прыходзіцца потым прыносіць значна большую крывавую плату.

Зараз тых, хто хоча незалежнасці, пераважная большасць. Нам трэба проста аб’яднацца, каб адхіліць ад улады таго, хто 20 год рыхтаваў тут здраду, і цвёрда заявіць пра сваю волю да незалежнасці, да свабоды. Тады, паверце, ніхто сюды не сунецца, каб зноў навязаць нам абрыдлага калгаснага дыктатара ды працягнуць палітыку паглынання.

Трэба быць поўным вар’ятам, каб спрабаваць накінуць імперскае ярмо на незалежны народ з моцнай партызанскай традыцыяй ды двума тысячамі кіламетраў межаў, праз якія прыйдуць матэрыяльная і людская дапамога. У такіх умовах, як сведчыць сусветны досвед, для задушэння партызанскага руху на аднаго партызана трэба мець 80 акупантаў. Дзе яны столькі знойдуць?

Каб захаваць краіну нам неабходна яднанне. Адзіны магчымы зараз цэнтр такога яднання – Беларускі Нацыянальны Кангрэс. Далучайцеся да арганізацый, якія ўваходзяць у нашую кааліцыю. Разам абаронім Бацькаўшчыну.

Жыве Беларусь!

About The Author