Не блытайцеся пад нагамі

Выбараў у Беларусі няма. Замест іх праводзіцца звыклы рытуал, афіцыйныя вынікі якога ніяк не звязаныя з сапраўдным волявыяўленнем выбаршчыкаў.

Нягледзячы на гэта, шмат хто ўзбудзіўся ад магчымасці паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх “выбарах”. Некаторыя жадаючыя ў кандыдаты ўжо рэкламуюць свае вартасці. Вядзецца таксама гаворка пра выбары “адзінага” кандыдата.

Ну, калі ўжо пачалі, то магу распавесці, як трэба праводзіць планаванне такой кампаніі і абіраць “адзінага” кандыдата для яе.

1. Ацэньваюцца ўмовы правядзення “выбараў”. Яны вядомыя – галасы не палічаць. Як людзі ні прагаласуюць, афіцыйны вынік будзе звычайным.

2. Фармулююцца мэты ўдзелу ў такіх “выбарах”. 
Максімальнай мэта – перамога дэмакратыі. Бо калі яе не ставіць на прэзідэнцкіх “выбарах”, падчас максімальнай палітызацыі грамацтва, то калі яе наогул ставіць?
Мінімальная мэта – набліжэнне краіны да дэмакратыі праз нанясенне палітычнага, маральнага, фінансавага ўрону рэжыму і павышэнне аўтарытэта дэмакратычных сіл.

3. Абіраецца стратэгія дасягнення мэтаў. Пры адсутнасці рэальных выбараў мірна дасягнуць названых мэтаў мажліва толькі праз Плошчу. Іншых варыянтаў проста не існуе.

4. Зыходзячы з абранай стратэгіі, фармулююцца патрабаванні да “адзінага” кандыдата: 
а) абіральнасць, якая залежыць ад харызмы, аратарскіх здольнасцяў, сацыяльнага статуса і прафесійнага досведу;
б) здольнасць рэалізаваць стратэгію перамогі, што выяўляецца ў рашучасці, арганізатарскіх здольнасцях, даверу патэнцыйных удзельнікаў масавых акцый пратэста;
в) гатоўнасць да арганізацыі і кіравання масавымі акцыямі пратэста, да адказнасці за іх вынікі і наступствы, да ахвяравання сваёй свабодай ці нават жыццём дзеля перамогі дэмакратыі.

5. Абіраецца такая працэдура вызначэння “адзінага” кандыдата, якая выявіць прэтэндэнта з пералічанымі вышэй якасцямі.

Усе выказаўшыя намер стаць “альтэрнатыўнымі” кандыдатамі ў прэзідэнты, акрамя аднаго, хочуць проста паўдзельнічаць у “выбарах” у якасці статыстаў, каб дасягнуць нейкіх асабістых мэтаў. Гэта не на карысць дэмакратыі.

І не трэба нам казаць, што ўдзел у “выбарах” дазволіць давесці народу праграмы рэформ. Самыя цудоўныя праграмы, нават прамоўленыя кандыдатамі па дзяржаўнай тэлевізіі, будуць дыскрэдытаваны прыніжальнымі для гэтых кандыдатаў афіцыйнымі “вынікамі” галасавання. Калі на фальсіфікацыі не будзе годнага пратэстнага адказу.

Бо тая частка грамадства, якая яшчэ верыць у сумленны падлік галасоў, палічыць кепскімі праграмы кандыдатаў, за якіх нібыта прагаласаваў нікчэмны працэнт выбаршчыкаў . А тыя, хто ўжо не верыць у сумленныя выбары, будуць лічыць блазнамі кандыдатаў, не здольных на годны адказ на іх прылюднае прыніжэнне.

Сэнс удзелу ў “выбарчым” фарсе рэжыма толькі адзін – скарыстаць выбарчую палітызацыю грамадства, каб праз Плошчу вярнуць народу сапраўдныя выбары. Тым, хто палохаецца такой стратэгіі, лепш не блытацца пад нагамі ў гатовых да яе.

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА