Пра сорам і веру

На паседжанні Камітэта Сацыялістычнага Інтэрнацыянала па краінам СНД, Каўказа і Чорнага мора ўдзельнікі распавялі пра сітуацыю з дэмакратыяй у сваіх краінах.

Мне выпала расказваць сорамную для беларусаў праўду. Пра неабмежаваную ўладу над краінай адной асобы, якая кантралюе ўсё. Прымае свае законы і сам парушае іх. Кіруе судамі і прадпрыемствамі.

Прыйшлося казаць пра “выбары”, на якіх не лічаць бюлетэні. Пра ўсеагульную кантрактную сістэму, пад якой знаходзяцца ўсе – ад рабочага да міністра. Пра пераслед незалежных прафсаюзаў і судовую справу супраць лідараў прафсаюза РЭП. Пра падатак на беспрацоўных, першую спробу якога мы сарвалі ў мінулым годзе.

Яшчэ казаў пра забарону “Хартыі” і пераслед “Белсата”. Пра рэпрэсіі супраць актывістаў Народнай Грамады і БНК. Пра адкладзеныя арышты, што прымушае жыць пад пагрозай затрымання ў любы момант.А таксама пра нашу рашучасць вярнуць уладу народу.

Сорамна казаць пра ўсё гэта, прадстаўляючы партыю з краіны, якая мела канстытуцыю і сапраўдныя выбары яшчэ ў 16-м стагоддзі. А потым слухаць пра сумленныя выбары ў Кіргізстане і дасягнуты рэальны падзел уладаў у Арменіі.

Але я казаў і пра рашучасць сваіх таварышаў, якія выходзяць адкрыта пратэставаць супраць банды ва ўладзе. Якія ратуюць ганар свайго народа і рызыкуюць, каб пакінуць Беларусі шанец на будучыню. Казаў пра сваю веру, што беларусы скарыстаюцца гэтым, аплочаным тысячамі патрыётаў шанцам.

Спадзяюся, што гэту веру разам з намі падзяляюць многія. Інкш, ці выжыве наша нацыя?
М. Статкевіч.

About The Author