У паведамленьні Эўрапалямэнту аб прэміі гаворыцца, што ўзнагароду атрымае група дзеячоў дэмакратычнай апазыцыі, у тым ліку палітвязень Мікалай Статкевіч, а таксама Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, зьняволены муж Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі, заснавальнік тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпан Пуціла, Алесь Бяляцкі з праваабарончай арганізацыі «Вясна» .
Ляўрэата прэміі абраў прэзыдыюм Эўрапарлямэнту, у які ўваходзяць сьпікер і старшыні ўсіх сямі фракцыяў. Цырымонія ўручэньня прэміі пройдзе 16 сьнежня.
Прэмія «За свабоду думкі», названая ў гонар савецкага фізыка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснаваная ў Эўрапейскім парлямэнце ў 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадзкім арганізацыям, якія вызначыліся ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Фінансавы памер прэміі складае 50 тысяч эўраў.
У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе — беларускі палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.