“Усё па шаблёну”. Трох віцяблян аштрафавалі на 102 рублі кожнага за фота на Дзень Волі

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 11 красавіка разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненьні Міколы Качурца і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко. Тры розныя судзьдзі сінхронна пакаралі кожнага з актывістаў штрафам у памеры 4 базавых велічыняў – за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Актывістаў вінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Нібыта віцябляне, фатаграфуючыся з бел-чырвона-белым сцягам на фоне помніку Альгерду на Дзень Волі ў Віцебску, без дазволу зьдзяйсьнялі пікетаваньне. У якасьці доказаў супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС прыклалі да справы матэрыялы відэаздымкаў.

Разгляд усіх трох справаў быў прызначаны на адзін і той жа час 11 красавіка і разглядалі іх тры розныя судзьдзі: Ільля Белавус – справу Уладзімера Кійко, Уладзімер Царыкаў – справу Яраслава Кійко і Сьняжана Кіндзеева – Міколы Качурца.

Ніхто з абвінавачаных сваёй віны не прызнаў.  

Як патлумачыў у судзе Мікола Качурэц, 24 сакавіка ён адзначаў вялікае сьвята – 101-я ўгодкі БНР: “Любое сьвята такога кшталту мусіць адзначацца са сьцягам. Бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг БНР. Лукашэнка на свае сьвяты вывешвае савецкія сьцягі, а я ўзяў з сабой БЧБ сьцяг, каб сфатаграфавацца ля помніку Альгерду і ў іншых месцах. Так я раблю кожны год. І нічога супрацьпраўнага ў сваіх дзеяньнях ня бачу”.

На ўсіх трох паседжаньнях у якасьці сьведкаў з боку міліцыі выступілі адны і тыя ж супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС – Ярашэўскі, Карпушка, Дзятлаў. Міліцыянты ня здолелі ўцямна патлумачыць у судзе, што такое пікетаваньне і зь якой прычыны трыманьне ў руках бел-чырвона-белага сьцяга для фатаграфаваньня яны палічылі за правапарушэньне.

Пры гэтым згадзіліся, што бел-чырвона-белы сьцяг у нашай дзяржаве не знаходзіцца пад забаронай.

Тым ня менш усе тры судзьдзі амаль сінхронна (з разьбежкай у 5 хвілінаў) прызналі віцяблян вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі кожнага зь іх на 102 рублі (4 базавыя велічыні).

Праваабаронца: Пра ўсё было дамоўлена…

“Усё па шаблёну, ўсё па стандарту, – пракамэнтавала рашэньні судзьдзяў віцебская праваабаронца Ірына Трацякова. – Пра ўсё было загадзя дамоўлена, таму такія аднолькавыя пастановы і аднолькавыя штрафы. А мы цяпер не разумеем, з чым можна фатаграфавацца, дзе можна фатаграфавацца і колькі сэкунд можна фатаграфавацца, каб гэта не расцанілі як пікетаваньне…”.

Нагадаем, 24 сакавіка віцябляне адзначылі 101-ю гадавіну БНР ускладаньнем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзімеру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мэмарыялу, усталяванаму каля Усьпенскага сабору на месцы пахаваньня нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ушанаваньня, фіксавалася на фота- і відэакамэры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзеньні. Але 24 сакавіка нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі. Пратаколы на актывістаў складаліся цягам наступнага тыдня.

Зьміцер Міраш, С.Горкі

About The Author