“Мы будзем ціхія, мірныя, кампрамісныя, нацыянал-еднасныя, – і нас ня будуць вязаць”
Напэўна, многія людзі разважалі ў такім рэчышчы, асабліва пасьля 25 сакавіка 2018. Больш за тое, гучалі і такія матывы, што “а тыя, каго вяжуць – самі вінаватыя, навошта нарывацца, можна ж знаходзіць нейкую агульную мову з уладамі”.
У арміі ёсьць такі выраз “да слупа дачапіцца”. Маецца на ўвазе, калі камандзіры заўсёды знойдуць, што ў салдаце “не так”, заўсёды знойдуць, за што яго пакараць. Ці, напрыклад, даюць самыя бессэнсоўныя працы і заданьні, што адлюстроўваецца прыказкай “капаць адсюль і да абеда” (а пасьля абеда закопваць назад).
І салдаты не разумеюць сэнс гэтых прыдзірак і гэтых тупых абмежаваньняў. А сэнс адзін – выхаваньне паслухмянасьці. Выхаваньне ўменьня падпарадкоўвацца камандзірам, іхнім любым, самым недарэчным загадам. Не задумваючыся, не шукаючы сэнсу, прычынаў і наступстваў.
Гадамі мы абураемся “нелагічнымі”, “тупымі”, “контрпрадуктыўнымі” дзеяньнямі ўлады. А гэта проста выхаваньне паслухмянасьці.