Сённяшнія арышты музыкаў ды актывістаў, як і затрыманні ўдзельнікаў учарашняга святкавання Дня Волі, праведзенага ў дазволенай ўладай рэзервацыі – усё гэта важны сігнал рэжыма грамадству. Яго сэнс такі – гульні з “апазіцыяй-лайт” скончыліся.

Кіраўніку рэжыма трэба як мага хутчэй аформіць сваё “пераабранне”, каб потым спакойна гандлявацца з Пуціным аб умовах здачы суверэнітэта і сваім месцы ў кіраўніцтве “саюзнай дзяржавы”.

Правесці бяспечна для рэжыма чарговую імітацыю “выбараў” ва ўмовах, калі дыктатара шчыра ненавідзіць 80% насельніцтва – вельмі складаная задача. Таму любая публічная праява непакоры цяпер будзе сустракаць неадэкватную рэакцыю напалоханага рэжыма.

Цяпер “канструктыўным апазіцыянерам” трэба выбіраць – альбо прыняць позу поўнай пакоры, альбо апынуцца ў становішчы ворагаў рэжыма. Паводзіць сябе цалкам “канструктыўна” і пры гэтым толькі казаць “радыкальна” – такі варыянт цяпер таксама выклікае рэпрэсіі.

Арышты выбітных музыкаў за намер правесці бесплатны канцэрт на пешаходнай вуліцы, а таксама затрыманні людзей за іх жаданне ўскласці кветкі да будынку, дзе ў 1918 годзе працавала Рада БНР – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”.

У адказ на арышты мінскі актыў Народнай Грамады мусіў перапыніць урачыстую вечарыну ў гонар Дня Волі і замест затрыманых ускласці кветкі да месца, дзе працавалі бацькі-заснавальнікі БНР.

Самазванец недарэмна напалохаўся. Бо ён нарэшце зразумеў, як ставіцца да яго народ. Цяпер усё вызначыць наша воля да свабоды.

Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч