Беларуская Нацыянальная Кааліцыя (БНК)
Тэзісна:
Зорны кластар (зорнае скопішча) — група зорак, звязаных адзін з адным сіламі гравітацыі;
Галактычны кластар – суперструктура, якая складаецца з некалькіх галактык.
Жывая гісторыя.
Я час ад часу дазваляю сабе доўга глядзець на зоранае неба. Яно неаднаразова адказвала мне на цяжкія пытанні. І добра памятаю тую ноч, калі ў працоўным рэжыме напісала “тэрміновы сазвон”. Зараз мы з усмешкай згадваем, як усё пачыналася. Я калі-небудзь распавяду.
Чаму мы прыйшлі да кластарнай мадэлі. Простая гісторыя пра тое, што нас аб’ядноўвае.
Калі я кажу пра Космас і пра кластары, гэта не пра складаныя тэорыі.
Гэта пра тое, як я бачу беларусаў і тое, як мы паводзім сябе ў крызіс, у барацьбе, у жыцці.
У космасе няма камандзіраў і падначаленых.
Зоркі не стаяць у чарзе і не чакаюць указанняў.
Кожная жыве сваім жыццём, але ўсе трымаюцца разам, бо іх яднае агульная гравітацыя, іх унутраная сувязь (я назаву гэта ў мадэлі БНК “ідэйнай гравітацыяй”).
Чаму мы (БНК) супраць “вертыкалі”?
Вертыкаль — гэта калі адна група “зацікаўленых” вырашае, а ўсе астатнія павінны падпарадкоўвацца.
Беларусы так не працуюць і ніколі больш не будуць працаваць.
Чаму, на мой погляд, гэта патэнцыяльная пагроза існаванню Беларусі:
– любая “вертыкальная” структура хутка замыкаецца на некалькіх асобах;
– ініцыятывы гінуць, бо іх душаць;
– людзі адчуваюць сябе не партнёрамі, а “рэсурсам”.
– вертыкальная мадэль – ідэальнае асяроддзе для карупцыі.
У рэшце рэшт “вертыкаль/і” рухне пад ціскам сабой жа створаных праблемаў. Нажаль, Беларусь і беларусаў гэта не абміне.
У 2020 годзе мы спрабавалі адыйсці ад вертыкальнай сістэмы.
Была наймацнейшая салідарнасць.
Людзі самі стваралі інфармацыйныя рэсурсы, ланцугі камунікацыі, каардынацыю, дапамогу.
І гэта быў кластар у чыстым выглядзе, то-бок вялікая супольнасць вольных людзей, аб’яднаных агульнай мэтай. У той час мы не ацанілі важнасць такога падыходу. Але ўлічылі памылкі мінулага,каб даць шанец будучыні.
Чаму для кааліцыі не прыняты гарызантальны распадзел улады?
Гарызанталь — калі ўсе роўныя і ўсё робіцца “разам”.
Гучыць прыгожа, але на практыцы часта значыць адно — ніхто не прымае рашэнняў.
Мы ўжо бачылі:
– ініцыятывы, якія маглі працаваць, але месяцамі не маглі дамовіцца і без каардынацыі разваліваліся;
– цудоўныя праекты, якія “завісалі”, бо не было цэнтра адказнасці;
– суполкі, якія распадаліся, калі ўзнікала патрэба ў стратэгіі.
Гарызанталь добрая для натхнення і творчасці, але яна не вытрымлівае моцных крызісаў.
Чаму кластар гэта наша магчымасць?
– кожная група, арганізацыя, чалавек робяць сваё, маючы кваліфікацыю і будучы прафесіяналам сваёй справы;
– ніхто нікому не начальнік, аўтаномнасць гэта выключае;
– ёсць агульны накірунак;
– ёсць сэнс, які аб’ядноўвае;
– ёсць цэнтр каардынацыі, але без прымусу і ўмоў;
– кожны важны.
– у выпадку страты “элемента” зберагаецца працаздольнасць кааліцыі. На месцы адной страчанай адзінкі можа з’явіцца новая, больш эфектыўная.
Гэта мадэль, у якой можна захаваць свабоду і атрымаць вынік. Гэта менавіта тое, як беларусы сябе паводзяць натуральна.
Простыя прыклады
1. Дыяспара
Ніхто не кіруе дыяспарай, але яна магутная сіла.
Людзі ў розных краінах самастойна арганізоўваюцца, знаходзяць адно аднаго, ствараюць суполкі, дапамагаюць, робяць вялікія праекты.
Гэта і ёсць кластар.
2. Валанцёры
Не існуе “адзінага штаба валанцёраў”.
Кожная група працуе па-свойму.
Але ўсе яны збіраюць сродкі, дапамагаюць, падтрымліваюць тых, хто ў патрэбе.
Яны не падпарадкоўваюцца адной структуры, але дзейнічаюць як сетка.
Гэта кластар.
3. Медыя, ініцыятывы.
Больш за дзесятак беларускіх (дзейсна незалежных) медыя, сотні ініцыятыў, культурных праектаў, праваабарончых і аналітычных цэнтраў.
Кожны існуе асобна, але разам гэта вялікая экалогія, у якой кожны ўмацоўвае іншых. Іх патрэбна ўзмацняць
Гэта таксама кластар.
Ч.1. БНК

