Як варта разумець адмену 193.1

Учора ў другім чытанні быў адменены знаменіты і самы дэманстратыўны палітычны артыкул КК – 193.1, які мае на ўвазе крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя любой незарэгістраванай арганізацыі. Памятаю, калі яго прымалі, быў вялікі хайп – фактычна на 2 гады можна было пасадзіць за сяброўства, напрыклад, ў суполцы аматараў кактусаў.

Па факце ж, прымяняўся ён вельмі выбарачна. Больш за тое, вазьму на сябе смеласць заявіць, што ён і пісаўся пад пэўных людзей. Такіх як Зміцер Дашкевіч і шэраг іншых. Іх пасадзілі – артыкул амаль перастаў выкарыстоўвацца.

Прыбіранне гэтага артыкулу з КК магло б стаць нагодай для радасці, калі б не штогадовае ўзмацненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства і шэраг іншых навінак. У 2016-м годзе быў прыняты такі “выдатны” артыкул, як 361-1 “Стварэнне экстрэмісцкай супольнасці” (да дзесяці год), і ён, без усялякага сумневу, таксама пісаўся пад пэўныя палітычныя групоўкі, у прыватнасці пад анархістаў. А яшчэ есць арт.361 “Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” – з ВЕЛЬМІ расплывістымі фармулёўкамі (любы заклік да пратэстаў пад яго падвесці – две секунды). Яшчэ есць арт.361-2 “Фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання”, 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”, 369-3 “Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў” і многія іншыя. Іх таксама прытрымліваюць да лепшых часоў – пакуль не падымецца чарговая хваля народнага гневу.
А яшчэ ж прыдумалі артыкул пра “Рэабілітацыю нацызма” – то бок варта разумець, будуць саджаць, калі адзначыш гераізм УПА ці напішаш аб зверствах чырвоных?

Выдаленне ж 193-1 з КК будзе, безумоўна, прадстаўлена “заходнім партнерам” як вялізарны шлях па дарозе да дэмакратыі, фантастычная саступка “эцім вашім правам человека”, каласальная лібералізацыя грамадскага жыцця і ўвоугле дайце грошай пажалуста.

193-1 быў самым адметна і бясспрэчна палітычным артыкулам у КК, прыдрацца да якога было вельмі проста праваабаронцам і замежнікам, якіх турбуюць правы чалавека ў Беларусі. Што яны і рабілі. Прыбіраючы такія артыкулы дзяржава пакідае сабе магчымасць казаць: а вось, глядзіце, ў іншых краінах усё тое ж самае ёсць! А ў еўрапейскіх краінах сапраўды есць артыкулы за сяброўства ў арганізацыях, чые метады не выключаюць гвалт.

Карацей, чым больш доўжыцца дыктатура тым больш дасканалыя яе метады пускання пылу ў вочы замежнікам.

Дарэчы, сам артыкул не зусім каб адмяняецца, а пераводзіцца з крымінальнага кодексу ў адміністрацыйны. І трэнд апошніх гадоў такі, што ў рамках адміністрацыйнага працэсу прэсуюць людзей не горш чым па крыміналцы. Вобшук? Калі ласка (назавем “агляд” і ўсяго дзялоў!). Затрыманне АМАПаўцамі пад домам? Калі ласка. Выламыванне дзвярэй у кватэру? Калі ласка. І ніякіх крыміналак заводзіць ня трэба. То бок фактычнага зніжэння рэпрэсій дзякуючы адмене гэтага артыкула не адбудзецца. Проста ўсё тое ж самае будзе і далей рабіцца але ўжо пад троху іншым прававым дахам.

Таму, спадары экстрэмісты, радавацца няма чаму. Трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы і быць гатовымі пакутваць за свае перакананні.

Мікола Дзядок, актывіст анархічнага руху, фэйсбук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.