Ланцуг памяці каля КГБ

ЛАНЦУГ ПАМЯЦІ КАЛЯ КГБ

29 кастрычніка ў 19.00 у Мінску каля будынку КГБ на пр. Незалежнасці, 17 пачнецца традыцыйны мемарыяльны “Ланцуг памяці нявінных ахвяр НКВД”.

Мерапрыемства прысвечана ўшанаванню памяці соцен тысяч (ад 600 тысяч да 1,5 мільёнаў, па розным ацэнкам) ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. У тыя часы, каб трапіць пад высылку ў тундру, лагер ці пад растрэл, дастаткова было ананімнага даносу ці проста зрабіцца крыху больш заможным за суседзяў у вёсцы.

Ноччу 29 кастрычніка 1937 годзе быў праведзены масавы растрэл беларускай інтэлігенцыі – літаратараў і навукоўцаў. Знішчэнне інтэлігенцыі разглядалася катамі як самы эфектыўны спосаб знішчыць нашу нацыю. Таму дату 29 кастрычніка, якую яшчэ называюць “ноччу расстраляных паэтаў”, грамадскасць лічыць днём памяці ўсіх ахвяр НКВД у Беларусі.

Растраляныя 29 кастрычніка 1937 года, як і многія тысячы іншых нявінных людзей, утрымліваліся ў мінскай “унутранай турме НКВД”, дзе іх катавалі, забівалі ці вывозілі на растрэл у шматлікія месцы вакол Мінска. Зараз гэтая турма завецца “следчым ізалятарам КГБ”. Яна знаходзіцца ў двары галоўнага будынка КГБ, які лічыць сябе пераемнікам НКВД.

У 2010-2011 гадах у гэтай турме катавалі ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, у 2017 – патрыётаў па справе “Белага легіёна”.

Усё часцей сучасныя спадкаемцы катаў НКВД арганізуюць ціск ці фабрыкуюць справы супраць тых, хто змагаецца за свабоду. Каб не даць ім вярнуць краіну да масавых рэпрэсій, мы павінны памятаць пра народную трагедыю 30-х і пастаянна нагадваць пра яе грамадству.

Запрашаю ўсіх, хто лічыць гэта важным, узяць удзел у маўклівым “Ланцугу памяці”. Просьба з сабой браць толькі свечкі ці знічы, бо сімволіку і плакаты на гэтым мемарыяльным мерапрыемстве скарыстоўваць не плануецца.

Беларусь будзе існаваць датуль, пакуль ёсць людзі, гатовыя дзеля яе на рызыку і ахвяры.

Жыве Беларусь!

М. Статкевіч

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА