М. Статкевіч: Бліжэйшая задача Беларускага Нацыянальнага Кангрэса.

Увесь сусветны досвед перамог сіл свабоды над несвабодай сведчыць на карысць аб’яднання дэмакратаў, як на неабходную ўмову гэтых перамог.

У пастанове ўстаноўчай сесіі Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК), прысвечанай адзінству дэмакратычных сілаў, ёсць адзін сказ, які фармулюе нашу стратэгію дзеянняў на бліжэйшы перыяд: “…Толькі аб’яднаныя і аўтарытэтныя дэмакратычныя сілы здольныя ачоліць і скіраваць нарастаючы сацыяльны пратэст дзеля прымушэння ўлады да дэмакратызацыі палітычнага і эканамічнага жыцця краіны…”.

Пляцоўка для рэалізацыі сацыяльнага пратэсту намі падрыхтаваная – масавыя вулічныя акцыі вернутыя восенню мінулага года ў палітычны парадак дня. Нагоду для сацыяльных пратэстаў арганізуе сваёй эканамічнай палітыкай правячы рэжым. Патрабуецца яшчэ адна перадумова стратэгіі – аб’яднаныя і аўтарытэтныя дэмакратычныя сілы. Прычым, аб’яднанне тут — ключавая ўмова, бо без яго дэмакраты трацяць асноўныя намаганні на змаганне паміж сабою і на рэжым сіл застаецца мала.

Увесь сусветны досвед перамог сіл свабоды над несвабодай сведчыць на карысць аб’яднання дэмакратаў, як на неабходную ўмову гэтых перамог. Напрыклад, аб’яднанне дэмакратаў розных ідэалагічных накірункаў прынеслі перамогу над камуністычным таталітарызмам польскай “Салідарнасці”, літоўскаму “Саюдзісу”, украінскаму Народнаму руху, народным франтам у Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Пасля перамогі пачаўся натуральны працэс распаду гэтых аб’яднанняў на парламенцкія партыі розных ідэалогій.

Наша бяда ў тым, што пасля некалькіх гадоў руху да дэмакратыі ў Беларусі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым і дэмакратычныя свабоды былі згорнуты. Аб’яднацца супраць гэтага рэжыму дэмакратам, якія ўжо разышліся па розным партыям, цяпер аказалася значна цяжэй. Чалавечыя амбіцыі ў адной сітуацыі – матор, а ў другой – перашкода. У кожнай партыі ёсць свой галоўны лідар і шмат лідараў на кожнай ступені партыйнай іерархіі. І ўсе яны хочуць захаваць сваё лідарства.

Для парламенцкіх партый 20 год без парламента і рэальных парламенцкіх выбараў – цяжкае выпрабаванне. Выбары, якія яны ўмеюць праводзіць, ператвараюцца ў маласэнсоўнае хаджэнне па колу, удзельнічаць у якім ахвочых усё меней. Вулічная актыўнасць караецца, ды й гэта не тое, што яны добра ўмеюць. Калі нехта кажа пра “моцныя партыйныя структуры”, то ён альбо не валодае рэальнай сітуацыяй, альбо моцна ангажаваны.

Мы прапанавалі вырашыць праблему кансалідацыі беларускіх дэмакратычных сіл шляхам утварэння аб’яднання арганізацый і грамадзян – Беларускага нацыянальнага кангрэса. Кангрэсам будзе кіраваць Рада, якая сфармуецца з лідараў арганізацый і прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцый. Такі падыход ужо выклікаў інтэнсіўнае ўтварэнне новых ці аднаўленне раней існуючых рэгіянальных кааліцый. Іх прадстаўнікамі ў Раду абраныя сябры розных партый і арганізацый. У тым ліку і тых, чыё цэнтральнае кіраўніцтва пакуль не пагадзілася далучыцца да Кангрэса. Рада БНК пачне сваю працу 28 мая.

Бліжэйшая задача, якая стаіць перад Кангрэсам – аб’яднанне дэмакратычных сілаў падчас “парламенцкіх выбараў”. Усе беларускія палітыкі разумеюць, што рэальных выбараў у нас няма, што на нашых “выбарах” не лічаць галасы. Таму мінулай восенню большасць дэмакратычных партый называла змены выбарчага заканадаўства ўмовай свайго ўдзелу ў выбарах. Але, доўга не чакаўшы рэакцыі ўладаў на свае патрабаванні, напераганкі кінуліся фармаваць спісы сваіх кандыдатаў. Ужо аб’яўлена пра 7 апазіцыйных спісаў кандыдатаў.

Вылучыць сваіх кандыдатаў зарэгістраванай партыі зараз вельмі лёгка. Сабралі вышэйшы орган партыі, прагаласавалі — і кандыдаты хоць па кожнай са 110 выбарчых акругаў амаль гатовыя. Таму некаторыя партыі спрабуюць вылучыць максімальную колькасць кандыдатаў, каб паказаць сваю перавагу перад іншымі. Вылучаюць нават кандыдатаў з адной вобласці ў іншую, у якой у іх вылучыць няма каго. Вядома, што такія кандыдаты ніякай выбарчай кампаніі весці не будуць, але ж і вынікі “выбараў” будуць вядомыя яшчэ да іх пачатку.

Праўда, тут ёсць адна акалічнасць. Выбары ў нас мажарытарныя ў адзін тур. Для перамогі ў іх дастаткова адноснай большасці галасоў. Гэта значыць, што, каб стаць дэпутатам, пераможцу дастаткова набраць хоць на адзін голас болей за кандыдата, заняўшага другое месца. Ад улады ў кожнай акрузе будзе толькі па аднаму кандыдату. Калі яму будзе супрацьстаяць таксама адзін дэмакратычны кандыдат, то, з улікам росту пратэстнага электарату, рэжыму прыйдзецца пайсці на брутальныя фальсіфікацыі. Тое, што перамога ў дэмакратычных сіл украдзена, будзе відавочна як для большасці выбаршчыкаў, так і для замежных назіральнікаў.

Калі ўладнаму кандыдату будуць супрацьстаяць некалькі апазіцыйных, то яны расцягнуць галасы выбаршчыкаў паміж сабою і забяспечаць таму нават сумленную перамогу. Па аўтарытэту дэмакратычных сілаў будзе нанесены чарговы ўдар, а новы “парламент” атрымае шанец на легітымнасць.

БНК не прапануе байкот “выбараў” – ва ўмовах удзелу ў іх большасці апазіцыйных партый гэта не мае сэнсу. Але мы спрабуем паменшыць шкоду ад безадказных паводзін нашых калег.

Па-першае, арганізацыі, якія накіравалі сваіх кіраўнікоў у Раду Кангрэса, істотна скароцяць колькасць сваіх кандыдатаў. Праз зарэгістраваную партыю, якая ёсць сярод нас, і мы маглі б, па прыкладу некаторых калег, вылучыць кандыдатаў ледзь не ў кожную акругу. Але мерацца вартасцямі на шкоду агульнай справе мы не будзем. Калі ж нехта палічыць такое рашэнне праявай нашай слабасці, то прапаную яму сабраць сваіх рэгіянальных актывістаў на несанкцыянаванае мерапрыемства ў цэнтры Мінска. Збярыце там хаця б 10% ад колькасці дэлегатаў устаноўчай сесіі БНК і я буду лічыць вашу структуру моцнай.

Па-другое, згодна з рашэннямі устаноўчай сесіі БНК, мы прапануем рэгіянальным дэмакратычным кааліцыям вызначыць адзінага кандыдата ў кожнай з выбарчых акруг іх рэгіёна. Калі ж гэта задача не будзе выканана, то Рада Кангрэса сама абярэ ў кожнай з гэтых акруг па аднаму кандыдату, якога падтрымае, і скіруе ўсе свае палітычныя і медыйныя магчымасці на іх падтрымку. Мы не здолеем паменшыць колькасць апазіцыйных кандыдатаў (акрамя, як за кошт сваіх), але мы паспрабуем сцягнуць да найбольш моцных з іх галасы пратэстнага электарату, каб апазіцыя не ўкрала перамогу сама ў сябе. Хай лепш гэта робіць улада.

Мы маем маральнае права на гэтыя дзеянні. Нагадаю, што ў склад Рады БНК увойдуць першы кіраўнік незалежнай Беларусі, 4 кандыдаты ў прэзідэнты, 5 былых вязняў сумлення, шэраг найбольш аўтарытэтных рэгіянальных лідараў. Дарэчы, да слова — у складзе БНК знаходзяцца ўсе вядомыя лідары вулічных пратэстаў.

Мы яшчэ раз звяртаемся да кіраўніцтва дэмакратычных партый еўрапейскай скіраванасці, якія пакуль не падтрымалі Кангрэс, з заклікам далучыцца да БНК. Беларусь чакаюць драматычныя падзеі і дэмакратычныя арганізацыі павінны сустрэць іх адзінай сілай.

Мікалай Статкевіч