Уладзімір Некляеў: Гістарычная місія

Шведскі журналіст, які не аднойчы бываў у Беларусі і даволі добра ведае палітычную сітуацыю ў краіне, кажа, што калі ўкраінскі Майдан быў для беларусаў негатыўным фактарам, страшылкай, дык абранне прэзідэнтам Украіны Уладзіміра Зяленскага – фактар пазітыўны. На наступных выбарах беларусы будуць хацець новага кіраўніка краіны. Не абавязкова маладога, але новага. А на маю заўвагу, што новага кіраўніка краіны беларусы хочаць даўно, але выбіраюць яго не яны, выбірае Лукашэнка, раптам пытае: “А чаму вы гэтак баіцеся рэферэндума пра аб’яднанне з Расіяй? Лукашэнка правядзе яго так, што 87,7% будзе супраць аб’яднання – і назаўсёды закрые тэму. Гэта ягоная гістарычная місія”.

Я спытаў, як ён у Стакгольме да такога дадумаўся? І ён прызнаўся, што не ў Стакгольме, а ў Мінску пры размове з адным дэпутатам пра магчымасць рэферэндума падчас парламенцкіх выбараў…

Такія размовы ў Мінску сапраўды вядуцца. Аднымі па недамысленні (бо яны дэпутаты шостай палаты), іншымі – наўмысна. І гэта не штосьці іншае як частка працы “русского мира»: прывучыць беларусаў да думкі пра рэферэндум.

Не закрые Лукашэнка тэму рэферэндума. А калі нават (раптам) і захоча, дык не дадуць яму закрыць. Надта шмат у кіраўніцтва Расіі спосабаў ціску на яго. Эканамічных, палітычных, крымінальных. Найпросты: закрываецца тэма – закрываецца газ. І Лукашэнку труба.

Апроч таго, уявіце, як абкладзе Расія гэты рэферэндум. І не толькі інфармацыйна. Расійскіх назіральнікаў будзе 87,7% – і яны не будуць стаяць за кіламетр ад стала, на якім падлічваюцца галасы. За кіламетр будуць стаяць зялёныя чалавечкі. І самае небяспечнае ў тым, што яны, зялёныя чалавечкі, могуць нават не спатрэбіцца. Пытанне ж не будзе сфармуляванае так: “Ці згодныя вы на тое, каб аб’яднацца з Расіяй, каб прадаць Беларусь?” Спытаюць, напрыклад: “Ці падтрымліваеце вы болей цесную інтэграцыю з Расіяй?” І падтрымаюць! У выбары паміж незалежнасцю і халявай пераможа халява, сэр…

Так настроіў за 25 гадоў Лукашэнка Беларусь. Якраз у гэтым і ёсць ягоная “гістарычная” місія, да выканання якой Расія не збіраецца ад яго пазбаўляцца. Значыць, пазбаўляцца ад яго і ягонай місіі беларусам трэба самім. І калі мы кажам пра фактар Зяленскага, дык давайце ўсведамляць, што ён стаў не вынікам дзейнасці Парашэнкі (які шмат, між іншым, для Украіны зрабіў, выканаў сваю гістарычную місію), а вынікам Майдану. Вынікам рэвалюцыі Годнасці ў яе развіцці.