Зварот аргкамітэта Кангрэса дэмакратычных сілаў

Асноўнай мэтай правядзення сёлетняга Кангрэса Дэмакратычных сілаў ёсць аб’яднанне беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

Гэты працэс, ініцыяваны 17 снежня 2015 года зваротам вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да лідэраў і актывістаў апазіцыі, быў падтрыманы стварэннем Аргкамітэта Кангрэса Дэмсілаў (КДС), які пачаў фармавацца 18 снежня 2015 года.

Перамовы з кіраўніцтвам БСДП(Г), партыі БНФ, БХД, АГП і рухам “За свабоду”, на жаль, не прывялі да ўваходжання ў аргкамітэт упаўнаважаных прадстаўнікоў пералічаных дэмакратычных структураў. Пры гэтым Аргкамітэт КДС заўжды гатовы ісці на кампрамісы з іншымі дэмакратычнымі палітычнымі суб’ектамі дзеля супольнага правядзення Кангрэса.

Адначасна, шараговыя сябры дэмакратычных партый падтрымліваюць ідэю аб’яднання апазіцыі, усведамляючы, што гэта патрабаванне сенняшняга дня. Гэта выразна прадэманстравалі сустрэчы сябраў Аргкамітэта КДС з актывістамі апазіцыйных партый і рухаў у Маладэчна, Слоніме, Смаргоні, Бабруйску, Наваполацку, Віцебску і Магілеве.

Каб пазбегнуць канфрантацыі паміж кіраўніцтвам дэмакратычных партый і рухаў, якія не ўвайшлі ў Аргкамітэт КДС, і актывістамі, якія абгрунтавана падтрымліваюць неабходнасць аб’яднання апазіцыі, Аргкамітэт КДС прапануе зрабіць наступныя захады пры правядзенні Кангрэса Дэмакратычных Сілаў:

1. Прадугледзіць у пастаянна дзейнай каардынуючай структуры аб’яднанай апазіцыі, якая будзе створана на Кангрэсе, месцы для дэмакратычных партый і рухаў, кіраўніцтва якіх пакуль не падтрымала зварот беларускай інтэлігенцыі да аб’яднання апазіцыі;

2. Вылучэнне прадстаўнікоў ад партый і рухаў у гэтую структуру павінна ажыццяўляцца кіраўніцтвам саміх гэтых партый і рухаў;

Аргкамітэт КДС заклікае актывістаў усіх дэмакратычных партый і рухаў да вылучэння дэлегатаў на Кангрэс Дэмакратычных Сілаў, які адбудзецца ў сярэдзіне траўня 2016 года ў Менску.

Шанец беларускаму народу на мірныя перамены могуць даць толькі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы!

Разам мы пераможам!

Жыве Беларусь!

About The Author