У адной краіне Б і горадзе Г стаяў брыдкі замак з прыгожай гісторыяй…

У адной краіне Б і горадзе Г стаяў брыдкі замак з прыгожай гісторыяй. Аднойчы гарадскія чыноўнікі вырашылі прыцягнуць у горад турыстаў. Для гэтага было запрапанавана перабудаваць замак, у якім калісьці вельмі даўно жыў слаўны кароль Б. Яны доўга шукалі архітэктара, які б змог зрабіць праект. Але ў горадзе Г такіх не было і яны вымушаны былі запрасіць архітэктара з гораду М, які, трэба сказаць, з-за старасці быў ужо глухаваты і слепаваты. Але Б з радасцю ўзяўся за работу. Ён старанна вывучыў усе старадаўнія малюнкі з выяваю замка, якія ён знайшоў у адкрытым доступе ў інтэрнэце, але ў архівах ён не працаваў, бо пасля працяжнай хваробы яму было цяжка ўжо хадзіць. Аднойчы яму нават падкінулі старадаўнія інвентары замка, але ён не змог іх прачытаць, паколькі яны былі напісаны на амаль нікому не зразумелай у горадзе Г польскай мове. Пасля састаўлення праекту ўлады сутыкнуліся з праблемай дэфіцыту кваліфікаваных будаўнікоў, паколькі амаль што ўсе больш-менш адэкватныя з’ехалі на працу ў Польшчу. Але цягам наступнага дня праблема была вырашана: усе вакансіі былі хутка занятыя камсамольцамі. Яны з маленства ведалі, што кароль Б, якому належаў замак, быў крывасмокам і ненавіснікам ленінскай партыі, таму з падазронасцю аднесліся да мэтазгоднасці аднаўлення яго замка. Але пасля таго, як архітэктар Б, былы сакратар партячэйкі, азнаёміў камсамольцаў з сваім праектам і паказаў якая прыгожая статуя Леніна знаходзілася ў завяршэнні брамы, тыя адкінулі ўсе сумневы і прыняліся за справу з лозунгам адбудаваць замак замест пяці за чатыры месяцы.

На наступны дзень пасля пачатку рэстаўрацыі сталічныя вучоныя апублікавалі даклад, у якім аспрэчылі праект архітэктара Б і даказалі, што замак у рэальнасці выглядаў інакш, а яго архітэктарам быў не Гуччы, а Дольчэ Габана. А ў завяршэнні брамы быў не помнік Леніну, а помнік Свабоды (проста слепаваты архітэктар Б памылкова прачытаў у польскіх дакументах слова “liberty”). Вучоныя заклікалі перарабіць праектную дакументацыю і адбудоўваць замак так, каб гэта адпавядала гістарычнай рэчаіснасці. Да таго ж зрабіць гэта было нескладана, паколькі камсамольцы адно толькі паспелі выкапаць катлаван, каб пасля бульдозерам ссунуць туды захаваныя рэшткі старога замка, а на яго месцы па суперсучасным тэхналогіям узвесці з газасілікатнай нанацэглы новы прыгожы пяцізоркавы замак. Аднак ні гарадскія чыноўнікі, ні архітэктар Б не пагадзіліся з меркаваннем вучоных. Яны далей працягвалі сцвярджаць, што слова “liberty”, якое было напісана ў дакументах, з’яўляецца “фальшыўкай здзеланай у Польшэ”, і што Гуччы не мог не размясціць на брамнай вежы статую Леніна, паколькі ён Гуччы быў членам партыі яшчэ да прыезду ў горад Г. “Да і ваапшчэ, -сказалі чыноўнікі разам з архітэктарам Б, – мы жывём у небагатай стране і іскаць новыя мільёны на новы праект у нас нет вазможнасці. Так што пускай лучшэ будзет Ленін чым вашае эта буржуйскае Лібэрці. Турыстав ат этава меньшэ не станет. А можэт дажа большэ”. Пасля гэтых слоў падчас інтэрв’ю незалежнаму тэлеканалу Б архітэктар Б махнуў рукою старому вусатаму камсамольцу, які сядзеў за стырном экскаватара перад развалінамі замка на краю катлавана, і крыкнуў: “Пеця, завадзі матор!”

Арыгінал – Miečysłaū Jan Supron