Заява Рады БНК
8 снежня ў Маскве Лукашэнка можа падпісаць дамову аб «паглыбленні інтэграцыі» з Расійскай Федэрацыяй. Ніхто з грамадзянаў Беларусі не ведае сутнасці гэтага дакумента, які вызначае далейшы лёс нашай краіны: быць ёй незалежнай дзяржавай, ці стаць часткай Расіі?
Да пытання: «Быць ці не быць»? – прывяло Беларусь самаўпраўства Лукашэнкі, які, парушыўшы Канстытуцыю, а значыць, здзейсніўшы дзяржаўнае злачынства, падпісаў 20 гадоў таму дамову аб так званай «Саюзнай дзяржаве».
Дамова аб «Саюзнай дзяржаве» была наўпроставай здрадай нашым нацыянальным інтарэсам. Гэткай самай здрадай можа стаць падпісанне дакументаў аб «паглыбленні інтэграцыі», бо той, хто зрадзіў аднойчы, можа здрадзіць і двойчы.
Беларускі Нацыянальны Кангрэс патрабуе неадкладнага абнародвання праектаў ўсіх дакументаў, падрыхтаваных для падпісання 8 снежня. Паводле Канстытуцыі ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць народу – і толькі народ мае права вырашаць лёс дзяржавы.
Беларускі Нацыянальны Кангрэс выступае за добрыя адносіны з усімі суседнімі краінамі, але гэта не азначае, што мы згодныя жыць у суседскай хаце. У беларусаў ёсць свая, палітая потам і крывёю продкаў, зямля, якую нікому мы не збіраемся аддаваць.
У звязку з лёсавызначальным момантам нашай гісторыі, рада БНК заяўляе пра гатоўнасць Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу да дыялогу з кіраўніцтвам правячага рэжыму. Адзінай перадумовай дыялогу павінна быць вызваленне палітвязняў і аднаўленне ў правах усіх раней асуджаных па палітычных матывах.
Калі нашыя прапановы публічнасці і дыялогу будуць праігнараваныя, калі дзеянні кіраўніцтва рэжыма і надалей будуць таемнымі, самаўпраўнымі, мы заяўляем пра нашу гатоўнасць змагацца за Беларусь усімі мажлівымі спосабамі і сродкамі.
Жыве Беларусь!