Партыя «Народная Грамада» асуджае рэжым Лукашэнкі і падтрымлівае міжнародныя намаганні супраць агрэсіі

ЗАЯВА
Партыі «Народная Грамада»

Партыя «Народная Грамада» лічыць заканамернай і непазбежнай жорсткую рэакцыю Украіны і яе прэзідэнта на дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які на працягу многіх гадоў паслядоўна пазбаўляў беларускі народ права на свабодны выбар, уцягнуў краіну ў міжнародную ізаляцыю і зрабіў тэрыторыю Беларусі інструментам ваеннай палітыкі Крамля.
Сёння Лукашэнка не валодае ні палітычным, ні маральным мандатам гаварыць ад імя беларускага народа. Яго рашэнні неаднаразова ставілі пад пагрозу бяспеку Беларусі і яе суседзяў, а выкарыстанне беларускай тэрыторыі падчас расійскай агрэсіі супраць Украіны нанесла сур’ёзную шкоду рэпутацыі і нацыянальным інтарэсам нашай краіны.
Мы перакананыя, што адказнасць за цяперашняе становішча Беларусі цалкам ляжыць на рэжыме Лукашэнкі, які ператварыў дзяржаўныя інстытуты ў механізм утрымання ўлады і падаўлення ўласнага народа.
«Народная Грамада» заяўляе: беларускі народ не з’яўляецца саюзнікам агрэсіі і не павінен несці адказнасць за рашэнні вузкай групы асобаў, якія незаконна ўтрымліваюць уладу. Мы падтрымліваем усе міжнародныя намаганні, накіраваныя на прадухіленне выкарыстання тэрыторыі Беларусі для ваенных пагроз і агрэсіўных дзеянняў супраць суседніх дзяржаў.
Любыя ультыматумы і жорсткія папярэджанні, адрасаваныя Лукашэнку, з’яўляюцца прамым вынікам яго ўласнай палітыкі. Адзіным спосабам вярнуць Беларусі павагу міжнароднай супольнасці застаюцца правядзенне дэмакратычных пераўтварэнняў, вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій і аднаўленне законнасці.
Мы заклікаем беларусаў захоўваць нацыянальнае адзінства і памятаць: будучыня нашай краіны не звязаная з захаваннем аўтарытарнага рэжыму. Будучыня Беларусі — гэта свабодная, дэмакратычная і незалежная дзяржава, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі і дзейнічае ў інтарэсах уласнага народа.
Жыве Беларусь!
Партыя «Народная Грамада»
22 чэрвеня 2026 года

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА