Актывісты грамадзкасьці – за чыстае паветра ў Наваполацку

У Наваполацку 30 студзеня адбылася экалягічная канфэрэнцыя на тэму «Забруджваньне паветра ў горадзе Наваполацку». Ініцыятарам канфэрэнцыі выступілі беларускія праваабаронцы. Імпрэза праходзіла ў канфэрэнц-залі гатэлю «Дружба» на беразе Дзьвіны. Канфэрэнцыя сабрала мясцовых актывістаў розных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, каля 20 чалавек.

Гасьцямі і выступоўцамі былі: эколяг міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Экалёгія-Права-Чалавек» з Украіны Аляксей Васілюк і кіраўнік міжнароднага праекту ПРААН у Беларусі «Зялёныя гораду» Ірына Вусава. Гэтаксама ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі экалягічныя актывісты зь беларускага гораду Сьветлагорску.

Першым прамовіў праваабаронца Зьміцер Салаўёў з паведамленьнем аб выкідах забруджвальных хімічных рэчываў у атмасфэру наваполацкім прадпрыемствам ААТ «Нафтан». Інфармацыя пра хімічныя выкіды гэтага нафтаперапрацоўчага заводу за 2017 год была атрыманая ад канцэрну «Белнафтахім». Патрэбнай інфармацыі актывістам давялося вельмі доўга дамагацца, ведучы зацятае ліставаньне з заводам і канцэрнам.

Паводле атрыманых дадзеных, «Нафтан» выкідвае ў паветра за год каля 50 тонаў забруджвальных рэчываў. Сярод забруджваньняў ёсьць і асабліва небясьпечныя солі сінільнай кіслаты – гэткія рэчывы злачынцы Другой сусьветнай вайны выкарыстоўвалі ў газавых камэрах дзеля забойства вязьняў канцэнтрацыйных лягераў. Нават паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, Наваполацак належыць да самых забруджаных гарадоў Беларусі з агульнымі выкідамі на год больш за 60 тысяч тонаў. Адпаведна, каля 80% агульных выкідаў дае завод «Нафтан». Прадстаўнікі заводу былі запрошаныя на канфэрэнцыю, але палічылі за лепшае ў ёй ня ўдзельнічаць.

У сваёй прамове Аляксей Васілюк распавёў, якім чынам можна выкарыстоўваць міжнародныя мэханізмы для збору інфармацыі аб экалягічным стане полацкага рэгіёну. Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай 11-ці міжнародных дамоваў, датычных экалёгіі. Усе гэтыя дамовы прадугледжваюць разнастайныя справаздачы ўраду Беларусі пра стан прыроднага асяродзьдзя ў рэгіёнах краіны. Доступ да гэтай інфармацыі павінен быць адкрытым для кожнага чалавека. Таму заўсёды можна зрабіць запыт у адпаведны міжнародны орган для атрыманьня экалягічнай інфармацыі па Беларусі. Акрамя таго, дзяржаўныя чыноўнікі абавязаныя даваць такую інфармацыю на запыт грамадзяніна якой заўгодна краіны. Былі прыведзеныя прыклады, як простыя пісьмовыя запыты грамадзян спрычыняліся да паляпшэньня экалягічнай сытуацыі ў рэгіёнах.

Кіраўніца праекту «Зялёныя гораду» Ірына Вусава прадставіла схемы і табліцы па рэалізацыі праекту ў Наваполацку. Гэты праект пад эгідай Праграмы разьвіцьця ААН фінансуе Глябальны экалягічны фонд (ГЭФ). Памер замежнай дапамогі ў праекце складае 3 мільёны даляраў, яшчэ 12 мільёнаў абяцана ўкласьці ад Беларусі. Праект распрацоўвае аптымізацыю транспартных плыняў, пракладаньне роварных дарожак і іншыя мерапрыемствы.

Удзельнікі канфэрэнцыі выказалі сваю заклапочанасьць недастатковым узроўнем супрацоўніцтва з актывістамі мясцовай грамадзянскай супольнасьці падчас распрацоўкі гэтага праекта. Асноўны кантакт распрацоўшчыкі трымаюць зь мясцовымі ўладамі, якія ня ў поўнай меры адстойваюць інтарэсы грамадзян Беларусі.

Праваабаронца Алег Пашкевіч зьвярнуў увагу на неабходнасьць пры праектаваньні ўлічваць міжнародныя стандарты правоў чалавека: «Грамадзяне павінны быць больш інфармаваныя аб сваіх правох пры рэалізацыі праекту».

Праваабаронца Зьміцер Салаўёў адзначыў, што мясцовыя ўлады размаўляюць з грамадзянскай супольнасьцю з пазыцыі сілы, іх ніхто не абіраў, таму яны не адстойваюць інтарэсы простых жыхароў рэгіёну. І што будзе, калі ў канцы праект прадставяць жыхарам Наваполацку, а яны скажуць, што нам вось гэтага ня трэба?

Таму прысутныя выказалі свае канкрэтныя пажаданьні кіраўніцы праекту «Зялёныя гораду» Ірыне Вусовой як наконт праекту, гэтак і наконт арганізацыі ўзаемадзеяньня з актыўнай грамадзкасьцю Наваполацку.

Яўген Вільскі, актывіст «Народнай Грамады» ацаніў імпрэзу як карысную: «Карыснае мерапрыемства. Пабольш бы народу, і часьцей трэба праводзіць такія мерапрыемствы. Карысны досьвед эколягаў з Украіны трэба пераймаць, добрыя ідэі яны нам падкідваюць. У свабоднай краіне зьяўляюцца і новыя магчымасьці ў людзей, а ня так, як у нас: кожны сядзіць і чакае сыгналу зьверху. Толькі грамадзкі кантроль можа ў нас нешта зьмяніць».

Аляксандар Марозаў, vitebskspring.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.