Дэкларацыя Сацыялістычнага Інтэрнацыянала, прынятая на яго першым кангрэсе ў Франкфурце-на-Майне 30 чэрвеня – 3 ліпеня 1951 года

МЭТЫ І ЗАДАЧЫ ДЭМАКРАТЫЧНАГА САЦЫЯЛІЗМА

 

1. Пачынаючы з XIX стагоддзя, капіталізм разбудаваў велізарныя вытворчыя сілы. Гэта было зроблена за кошт адхілення переважнай большасці грамадзян ад уплыву на вытворчыя працэсы. Ён паставіў правы ўладальніка вышэй за правы чалавека. Ён стварыў новы клас наёмных працаўнікоў, якія не маюць ані ўласнасці, ані сацыяльных правоў. Гэта абвастрыла барацьбу паміж класамі.

Хоць наша планета змяшчае рэсурсы, за кошт якіх было б магчыма забяспечыць годнае жыццё для ўсіх, капіталізм апынуўся не ў стане задаволіць элементарныя патрэбы насельніцтва планеты. Ён апынуўся не ў стане функцыянаваць без разбуральных крызісаў і масавага беспрацоўя. Ён стварыў сацыяльную неабароненасць i ганебныя кантрасты паміж беднымі ды заможнымі. Капітал звяртаўся да імперыялістычнай і каланіяльнай эксплуатацыі, што зрабіла нацыянальныя і расавыя канфлікты больш жорсткімі. У некаторых краінах моцныя капіталістычныя групоўкі дапамаглі барбарству мінулага зноў узняць галаву ў форме фашызму і нацызму.

2. Сацыялізм нарадзіўся ў Еўропе як рух пратэсту супраць уласцівых для капіталістычнага грамадства праблем. З прычыны таго, што наёмныя працаўнікі больш за ўсіх цярпелі ад капіталізму, сацыялізм з пачатку развіваўся як рух наёмных працаўнікоў. З тых часоў усё больш і больш грамадзян — прафесіяналаў ды офісных працаўнікоў, фермераў ды рыбакоў, рамеснікоў ды рознічных гандляроў, мастакоў ды вучоных — прыходзіць да разумення, што сацыялізм звяртаецца да ўсіх людзей, якія вераць, што эксплуатацыя чалавека чалавекам павінна быць знішчана.

3. Сацыялізм імкнецца вызваліць людзей ад залежнасці ад меньшасці, якая валодае сродкамі вытворчасці, або мае кантроль над імі. Яго мэта — укласці эканамічную моц у рукі ўсяго народу ды стварыць супольніцтва, у якім вольныя людзі працуюць разам як роўныя. 4. Сацыялізм зрабіўся вядучай сілай ў міжнародных зносінах. Ён перайшоў ад прапаганды да практыкі. У некаторых краінах ўжо закладзеныя падмуркі сацыялістычнага грамадства. Там знікаюць заганы капіталізму, і грамадства атрымлівае новыя сілы. Прынцыпы сацыялізму сцвярджаюць сваю слушнасць на практыцы.

5. У многіх краінах некантраляваны капіталізм саступае месца эканоміцы, у якой дзяржаўнае ўмяшальніцтва і калектыўная ўласнасць абмежавалі сферу прыватнага капіталу. Многія людзі прыходзяць да разумення неабходнасці планавання. Сацыяльная бяспека, незалежныя прафсаюзы ды вытворчая дэмакратыя заваёўваюць усё большы прастор. Гэта развіццё ў значнай меры з’яўляецца вынікам доўгіх гадоў барацьбы сацыялістаў і незалежных прафсаюзаў. Менавіта там, дзе сацыялізм мае сілы, былі зроблены важныя крокі ў напрамку стварэння новага грамадства.

6. У апошнія гады народы найменьш эканамічна развітых краін свету знайшлі ў сацыялізме каштоўную дапамогу ў барацьбе за нацыянальную свабоду і высокія стандарты жыцця. Розныя формы дэмакратычнага сацыялізму развіваюцца пад уплывам розных абставін. Асноўныя ворагі сацыялізму ў гэтых краінах — гэта паразітычная эксплуатацыя мясцовай фінансавай алігархіі і каланіяльная эксплуатацыя замежнымі капіталістамі. Сацыялісты змагаюцца за палітычную ды эканамічную дэмакратыю, яны імкнуцца павысіць жыццёвыя стандарты людзей праз зямельную рэформу, індустрыялізацыю, пашырэнне сферы калектыўнай уласнасці ды развіццё вытворчых і спажывецкіх кааператываў.

7. У той час, як сацыялізм па ўсім свеце робіць крокі наперад, новыя сілы ствараюць пагрозу руху да свабоды і сацыяльнай справядлівасці. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расіі камунізм раскалоў міжнародны працоўны рух і на доўгія дзесяцігоддзі зрабіўся перашкодай для развіцця сацыялізму ў многіх краінах.

8. Камуністы хлусліва ствярджаюць сваю прыналежнасць да сацыялістычнай традыцыі. Насамрэч яны скажаюць гэтую традыцыю да непазнавальнасці. Яны стварылі жорсткую дагматычную сістэму, якая несумяшчальная з крытычным духам марксізму.

9. У той час як сацыялісты накіраваныя на дасягненне свабоды і справядлівасці шляхам знішчэння эксплуатацыі, якая падзяляе людзей ва ўмовах капіталізму, камуністы намагаюцца абвастрыць гэтыя класавыя супярэчнасці дзеля ўсталявання дыктатуры адной партыі.

10. Міжнародны камуністычны рух — гэта інструмент новага імперыялізму. Паўсюль, дзе камуністы атрымалі ўладу, яны знішчылі свабоду ці шанс дасягнення свабоды. Ён базуецца на ваеннай бюракратыі і паліцэйскім тэроры. Стварая ганебныя кантрасты багацця і прывілегій, ён спараджае новае класавае грамадства. Важную ролю ў ягонай эканамічнай арганізацыі і грае прымусовая праца.

11. Сацыялізм — гэта міжнародны рух, які не патрабуе жорсткай аднастайнасці падыходаў. Незалежна ад таго, ці будуюць сацыялісты свае перакананні на аснове марксізму або іншых метадах аналізу грамадства, натхняюць іх рэлігіёзныя ці гуманістычныя прынцыпы, усе яны намагаюцца дасягнуць адной мэты — сістэмы сацыяльнай справядлівасці, лепшага жыцця, волі ды міру на зямлі.

12. Навукова-тэхнічны прагрэс надзяліў чалавека магчымасцю палепшыць свой лёс або самазнішчыцца. З гэтай прычыны вытворчасць не павінна быць аддадзеная на волю эканамічнага лібералізму, але павінна сістэматычна планавацца адпаведна патрэбам людзей. Гэтае планаванне мусіць паважаць правы асобы. Сацыялізм выступае за волю і планаванне як ў нацыянальных, так і ў міжнародных справах.

13. Дасягненне сацыялізму не з’яўляецца непазбежным. Яно патрабуе асабістага ўкладу ад усіх яго прыхільнікаў. У адрозненні ад таталітарызму, сацыялізм не навязвае людзям пасіўную ролю. Наадварот, ён не можа мець поспеху без грунтоўнага ды актыўнага ўдзелу народа. Гэта дэмакратыя ў яе найвышэйшай форме.

 

Палітычная дэмакратыя.

 

1. Сацыялісты намагаюцца стварыць новае грамадства шляхам свабоды і дэмакратыі.

2. Без свабоды сацыялізм немагчымы. Сацыялізму можна дасягнуць толькі праз дэмакратыю. Дэмакратыя можа быць рэалізавана ў поўнай меры толькі праз сацыялізм.

3. Дэмакратыя – гэта ўлада народу, якая сыходзіць ад народу і існуе дзеля народу. Яна павінна забяспечваць:

а) Права кожнага чалавека на прыватнае жыццё, абарону ад адвольнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва.

б) Палітычная свабоды: свабоду думкі, выказвання, адукацыі, арганізацыі ды рэлігіі.

в) Прадстаўніцтва народа праз свабодныя выбары, пабудаваныя на прынцыпах усеагульнасці, роўнасці ды патаемнасці.

г) Вядучую ролю большасці ды ўшанаванне правоў меньшасці.

д) Роўнаць усіх грамадзян перад законам, нягледзячы на іх месца нараджэння, пол, мову, погляды ці колер скуры.

е) Права на культурную аўтаномію для груп, якія маюць уласную мову.

ж) Незалежную судовую сістэму; кожны чалавек павінен мець права на адкрытае судовае разбіральніцтва перад бесстароннім судом на падставе належнай прававой працэдуры.

4. Сацыялісты заўсёды змагаліся за правы чалавека. Сусветная Дэкларацыя Правоў Чалавека, якую прыняла Генеральная Амаблея ААН, павінна эфектыўна працаваць у кожнай краіне.

5. Дэмакратыя патрабуе права на існаванне больш чым адной партыі, а таксама права на апазіцыйнасць. Але дэмакратыя мае права і абавязак абараняць сябе ад тых, хто карыстаецца яе магчымасцямі толькі з мэтай яе знішчэння. Ахова палітычнай дэмакратыі — жыццёва важны інтарэс народа. Яе захаванне — гэта ўмова рэалізацыі эканамічнай ды сацыяльнай дэмакратыі.

6. Палітыка, якая базуецца на абароне капіталістычных інтарэсаў, не можа надаць дэмакратыі моцы ды адзінства, патрэбных для абароны ад нападаў таталітарызму. Дэмакратыя можа быць абароненая толькі праз актыўную дапамогу працоўных, лёс якіх залежыць ад яе выжывання.

7. Сацыялісты выказваюць сваю салідарнасць са ўсімі народамі, якія церпяць ад дыктатуры, камунистычнай ці фашысцкай, у іх імкненні заваяваць свабоду.

8. Кожная дыктатура, незалежна ад месца яе існавання, гэта небяспека для ўсіх народаў, і такім чынам — для міру на зямлі. Паўсюль, дзе існуе неабмежаваная эксплуатацыя прымусовай працы, дзеля асабістага прыбытку ці ва ўмовах палітычнай дыктатуры, існуе небяспека для жыццёвых і маральных стандартаў усіх народаў.

 

Эканамічная дэмакратыя

 

1. Сацыялізм намагаецца замясціць капіталізм сістэмай, у якой грамадская карысць мае перавагу над асабістай выгадай. Неадкладныя эканамічныя мэты сацыялістычнай палітыкі — гэта ўсеагульная занятасць, павышэнне прадуктыўнасці вытворчасці, рост жыццёвых стандартаў, сацыяльная бяспека і справядлівае размеркаванне прыбыткаў ды ўласнасці.

2. Дзеля дасягнення гэтых мэтаў вытворчасць павінна планавацца з улікам інтарэсаў народу як цэлага.

Такое планаванне несумяшчальнае з канцэнтрацыяй эканамічнай моцы ў руках адзінак. Яно патрабуе эфектыўнага дэмакратычнага кантролю над эканомікай.

Такім чынам, дэмакратычны сацыялізм знаходзіцца ў рэзкай супярэчнасці як з капіталістычным планаваннем, так і з любой формай таталітарнага планавання; абедзве гэтыя формы выключаюць грамадскі кантроль над вытворчасцю і справядлівае размеркаванне яго вынікаў.

3. Сацыялістычнае планаванне можа быць дасягнута рознымі шляхамі. Кожная краіна павінна вызначыць межы грамадскай уласнасці і формы ўжыцця планавання.

4. Грамадская ўласнасць можа прымаць форму нацыяналізацыі існуючых уласных фірм, муніцыпальных ці рэгіянальных прадпрыемстваў, спажывецкіх ці вытворчых кааператываў.

Гэтыя разнастайныя формы грамадскай уласнасці варта разглядаць не як самамэту, але як сродкі кіравання асноўнымі вытворчасцямі ды паслугамі, ад якіх залежаць эканамічнае жыццё і дабрабыт грамадства, як рацыяналізацыю неэфектыўных вытворчасцей або як прадухіленне эксплуатацыі грамадства праз манаполіі ды картэлі.

5. Сацыялістычнае планаванне не прадугледжвае грамадскай уласнасці на ўсе сродкі вытворчасці. Яно сумяшчальна з прыватнай уласнасцю ў такіх важных галінах, як сельская гаспадарка, народные промыслы, раздробны гандаль, а таксама малы і сярэдні бізнэс. Дзяржава павінна прадухіляць злоўжыванні з боку прыватных уладальнікаў. Яна можа і павінна дапамагаць ім рабіць свой унёсак у рост вытворчасці і дабрабыту ў межах планавай эканомікі.

6. Прафсаюзы ды арганізацыі вытворцаў і спажыўцоў з’яўляюцца неабходнымі элементамі дэмакратычнага грамадства; яны не павінны дэградаваць да інструментаў цэнтралізаванай бюракратыі або да жорсткай карпаратыўнай сістэмы. Гэтыя эканамічныя арганізацыі павінны браць удзел у фармаванні агульнай эканамічнай палітыкі без узурпацыі канстытуцыйных паўнамоцтваў парламенту.

7. Сацыялістычнае планаванне не азначае, што ўсе эканамічныя рашэнні прымае ўрад ці вышэйшая ўлада. Эканамічная ўлада павінна быць дэцэнтралізаваная там, дзе гэта сумяшчальна з мэтамі планавання.

8. Кожны грамадзянін павінен прадухіляць развіццё бюракратыі ў грамадскім ды прыватным сектары, уплываючы на працэс вытворчасці праз свае арганізацыі або асабістую ініцыятыву. Рабочыя павінны дэмакратычнымі сродкамі ўплываць на напрамак развіцця сваёй вытворчасці.

9. Дэмакратычны сацыялізм напраўлены на пашырэнне свабоды асобы на базе эканамічнай ды сацыяльнай бяспекі і на рост дабрабыту.

 

Сацыял-дэмакратыя і культурны прагрэс

 

1. У той час, як асноўным прынцыпам капіталізма з’яўляецца асабісты прыбытак, асноўным прынцыпам сацыялізма з’яўляецца задавальненне чалавечых патрэбаў.

2. Базавыя чалавечыя патрэбы павінны зрабіцца першаснымі пры размеркаванні вынікаў вырабніцтва, але гэта не мусіць пазбаўляць асобу стымулаў да працы, адпаведнай яго здольнасцям. Сацыялісты прымаюць як відавочны факт права асобы атрымліваць узнагароду, адпаведную яе здольнасцям. Але яны лічаць, што існуюць іншыя стымулы, такія як гонар за добра зробленую працу, салідарнасць і камандны дух, якія могуць узмацніцца, калі людзі працуюць дзеля агульнай карысці.

3. Сацыялізм выступае не толькі за базавыя палітычныя правы, але таксама і за эканамічныя ды сацыяльныя правы. Сярод іх:

– права на працу;

– права на медычнае абслугованне і родадапамогу;

– права на эканамічную дапамогу для людзей, якія не здольныя працаваць з-за старасці, недзеяздольнасці або беспрацоўя;

– права дзяцей на дабрабыт, моладзі — на адукацыю ў

адпаведнасці са сваімі здольнасцямі;

– права на годнае жыллё.

4. Сацыялісты імкнуцца ліквідаваць усе віды прававой, эканамічнай і палітычнай дыскрымінацыі паміж паламі, сацыяльнымі групамі, горадам і вёскай, рэгіянальнымі і расавымі групамі.

5. Сацыялізм азначае значна больш, чым проста новую эканамічную і сацыяльную сістэму. Эканамічны і сацыяльны прагрэс мае маральную каштоўнасць у той ступені, у якой яны вызваляюць і развіваюць чалавечую асобу.

6. Сацыялісты супраць капіталізму не толькі таму, што ён эканамічна марнатраўны і абмяжоўвае эканамічныя правы мас, але перш за ўсё таму, што ён супярэчыць іх разуменню справядлівасці. Сацыялісты супраць любых форм таталітарызму, таму што ён абражае чалавечую годнасць.

7. Сацыялізм змагаецца за вызваленне людзей ад страхаў і трывог, якія звязаныя з палітычнай і эканамічнай нестабільнасцю. Гэта вызваленне адкрые шлях духоўнага развіцця чалавеца, які разумее сваю адказнасць і культурную эвалюцыю развітай асобы. Сацыялізм — моцны фактар у прасоўванні гэтага культурнага развіцця.

8. Сацыялізм імкнецца прапанаваць людзям усе сродкі для павышэння іх культурнага ўзроўню і стымуляваць творчыя памкненні чалавечага духу. Скарбы навукі і мастацтва павінны быць даступныя для ўсіх.

 

Міжнародная дэмакратыя

 

1. Сацыялістычны рух з самага пачатку быў інтэрнацыянальным.

2. Дэмакратычны сацыялізм інтэрнацыянальны, таму што яго мэта — вызваленне ўсіх людзей ад усіх форм эканамічнага, духоўнага і палітычнага прыгнёту.

3. Дэмакратычны сацыялізм інтэрнацыянальны, таму што ён ўсведамляе: ніводная краіна не можа вырашыць свае эканамічныя праблемы ў ізаляцыі.

4. Абсалютны дзяржаўны суверэнітэт павінен быць пераадолены.

5. Новае сусветнае грамадства, да якога імкнуцца сацыялісты, можа паспяхова развівацца толькі ў свеце, які базуецца на дабраахвотнай супрацы паміж краінамі. Дэмакратыя павінна, такім чынам, быць усталявана на міжнародным узроўні пад абаронай вяршэнства права, якое гарантуе нацыянальную вольнасць і правы чалавека.

6. Дэмакратычны сацыялізм вітае стварэнне ААН, таму што гэта – важны крок у напрамку стварэння міжнароднай супольнасці, таму ён патрабуе строгага выканання прынцыпаў яе Статуту.

7. Дэмакратычны сацыялізм не прымае любыя формы імперыялізму. Ён змагаецца з прыгнётам і эксплуатацыяй любой чалавечай супольнасці або асобна ўзятага чалавека.

8. Аднаго непрымання імперыялізма недастаткова. Велізарныя абшары зямлі пакутуюць праз жабрацтва, непісьменнасць ды хваробы. Жабрацтва — гэта перашкода для развіцця дэмакратыі. Дэмакратыя, росквіт і мір патрабуюць пераразмеркавання багацця сусвету і павялічэння прадуктыўнасці слабаразвітых раёнаў. Павышэнне матэрыяльных ды культурных стандартаў гэтых абшараў — у інтарэсах усіх людзей. Дэмакратычный сацыялізм павінен інспіраваць эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё гэтых абшараў, у адваротным выпадку яны зробяцца ахвярамі новых форм прыгнёту.

9. Дэмакратычныя сацыялісты вызнаюць падтрымку міру ва ўсім свеце найважнейшай мэтай нашага часу. Мір можа забяспечыць толькі сістэма супольнай бяспекі. Гэта створыць умовы для міжнароднага раззбраення.

10. Барацьба за захаванне міру непарыўна звязана з барацьбой за волю. У нашыя часы менавіта пагроза для незалежнасці вольных народаў прама адказная за пагрозу вайны. Сацыялісты працуюць дзеля сусвету міра і свабоды, дзеля сусвету, у якім эксплуатацыя ды заняволенне чалавека чалавекам і народаў народамі невядомае, дзеля сусвету, у якім развіццё індывідуальнай персанальнасці — гэта база для плённага развіцця чалавецтва.

Яны заклікаюць да салідарнасці ўсіх працоўных людзей у барацьбе за гэтую вялікую мэту.




Перевод текста Декларации выполнен Сергеем Спаришем специально для сайта “Народная Грамада”. Воспроизведение данного текста на беларуском языке в любой форме возможно только со ссылкой на сайт.

Англоязычная версия Декларации расположена на официальном сайте Социалистического Интернационала

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА