Увечары 15 траўня наваполацкі актывіст Народнай Грамады выйшаў пасля 7 сутак арышту, прысуджанага яму за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Сустракаць Андрэя Зуева да мясцовага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў прыйшлі аднапартыйцы і жонка.
Але міліцыянты патаемна вывезлі Андрэя, распавяла ягоная жонка Таццяна Зуева: – Сказалі, што будуць удакладняць, калі яго выпусцяць, ці можна перадаць яму рэчы. А потым паведамілі, што выпусцілі нядаўна праз іншы выхад. Мы вырашылі пачакаць і ўбачылі, як пад’ехала міліцэйская машына, заехала з задняга двара. А потым высветлілася, што Андрэя адвезлі дадому.
У сям’і Андрэя і Таццяны – чацвёра дзяцей, ключоў ад кватэры і мабільнага тэлефонаў бацькі пры сабе не было, а дзецям загадана нікому не адчыняць дзверы. Таму “дабрачыннасць” міліцыянтаў была вельмі недарэчнай. Сябры і жонка тэрмінова паехалі дадому, дзе і адбылася сустрэча.
Падчас сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім выказванні Андрэя Зуева былі вельмі вострыя.
Ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Актывіст кажа, што і цяпер, пасля арышта, гатовы паўтарыць тыя самыя словы: – Я ад сваіх словаў не адмаўляюся, гэта маё меркаванне, і я яго мяняць не буду. Калі мяне спытаюць яшчэ раз, я магу паўтарыць. Гэта маё меркаванне, і я буду яго адстойваць. Не трэба баяцца, трэба выходзіць і гаварыць. Усіх не пасадзяць! Будзем змагацца, і ўсё ў нас мусіць атрымацца.
Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/militsyya-ne-dala-sustrets-andreya-zueva/