Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч анансуе стварэнне масавага руху ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Паводле палітыка, сябры ягонай ініцыятыўнай групы на выбарах прэзідэнта 2020 года стануць ядром грамадскага руху, які будзе абараняць Беларусь у выпадку пагрозы:
– Я вылучаны Радай БНК кандыдатам у прэзідэнты ад БНК як лідар пратэстаў у барацьбе за свабоду і незалежнасць. Рада прагаласавала ў тым ліку і за маю стратэгію, і адзін з пунктаў якой гаворыць: утварэнне масавага руху ў барацьбе за свабоду і незалежнасць напачатку ў форме ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты. Таму што людзі, якія запісваюцца да мяне, яны хочуць свабоды, яны хочуць незалежнасці, яны ведаюць да каго ідуць. Вось гэтыя 10 тысяч чалавек будуць базай гэтага руху.
Згодна са шматлікімі паведамленнямі ў афіцыйных СМІ, 8 снежня кіраўнікі Беларусі і Расеі маюць падпісаць праграму паглыбленай інтэграцыі і пакет дарожных карт. Нягледзячы на звароты грамадскасці, беларускі ўрад не агучвае дэталі будучых пагадненняў. У адказе на запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім міністр эканомікі Дзмітрый Круты заўважае, што «дакументы, над якімі працуюць, не ўтрымліваюць палітычнага кампанента і не ствараюць пагроз для суверэнітэту і незалежнасці Беларусі».