Мікалай Статкевіч: Нам прапануюць пагуляць у цырк, але і гэтым можна скарыстацца

Палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info, чаму лічыць парламенцкую кампанію “цыркам”, а падчас прэзідэнцкай вырашыў вылучаць сваю кандыдатуру.

“Падчас так званай выбарчай кампаніі пры ўсёй яе карыкатурнасці пэўныя магчымасці ўсё-такі з’яўляюцца”, – кажа былы кандыдат у прэзідэнты.

– Асабіста я ўдзел у парламенцкай кампаніі не бяру, – кажа Мікалай Статкевіч. – Але і Беларускі Нацыянальны Кангрэс, і партыя Народная Грамада, якая таксама з’яўляецца сябрам кааліцыі, вырашылі скарыстаць працэдуры выбарчай кампаніі.

У той жа час мы цудоўна ўсведамляем, што сапраўдных выбараў няма, што ўлады па сутнасці робяць іх імітацыю, цырк. І прапануюць пагуляць у гэтым цырку, каб ён быў цікавейшым і меў большае падабенства на сапраўдныя выбары.

Практыка паказвае, што апазіцыя ўдзельнічае ў гэтым цырку, цудоўна ўсведамляючы, што галасы лічыць не будуць. У нас ёсць нават фальсіфікацыя пратаколаў.

— Тады якім чынам вы вырашылі скарыстаць гэтую кампанію?

– Мы выдатна разумеем і ведаем, што ў Беларусі надзвычай цяжка выказаць публічны пратэст супраць дзеянняў уладаў, скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на мірныя мітынгі, шэсці і іншыі акцыі.

Але падчас так званай выбарчай кампаніі пры ўсёй яе карыкатурнасці пэўныя магчымасці ў гэтым плане з’яўляюцца. Напачатку Беларуская Народная Грамада можа скарыстацца этапам збору подпісаў, бо гэта адзіная магчымасць правесці несанкцыянаваныя ўладамі акцыі, сабраць людзей і не баяцца пры гэтым, што іх могуць затрымаць. Збор подпісаў не патрабуе розных узгадненняў, заявак, хаця ёсць спіс забароненых месцаў. Але акрамя забароненых яшчэ застаецца дастаткова іншых месцаў, дзе можна сустрэцца з людзьмі.

Таму мы і вырашылі скарыстацца гэтым і паглядзець: а раптам улада сфармуе ўчастковыя камісіі з улікам інтарэсаў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў? Калі не, то будзем прымаць рашэнне, як дзейнічаць далей. Але этап збору подпісаў абавязкова выкарыстаем.

— Ужо пачалі падаваць заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў?

– Так, гэты працэс ужо ідзе па ўсёй Беларусі. У той жа час я планую выкарыстаць гэтую кампанію наступным чынам. Нагадваю, што я – кандыдат у прэзідэнт, вылучаны Беларускім Нацыянальным Кангрэсам. На працягу чэрвеня і ліпеня правёў сустрэчы ў 15 гарадах краіны з параўнальна вялікай колькасцю ўдзельнікаў.

Зараз, падчас кампаніі, працягнуцца сустрэчы на вуліцах нашых гарадоў з элементамі выбарчай кампаніі, калі нашы групы будуць зарэгістраваныя. Усяго мы плануем падаць на рэгістрацыю каля 30 групаў. Жадаючых болей, але зыходзім са сваіх магчымасцей.

— Вы таксама будзеце ладзіць сустрэчы з людзьмі?

– Я, як сябра ініцытяыўнай групы, змагу ў любы час прыехаць у нейкі канкрэтны горад з тым, каб паразмаўляць разам з кандыдатам з людзьмі і паслухаць іх праблемы. Усяго я планую наведаць каля 20 гарадоў. Гэта частка рэалізацыі той стратэгіі, якую прапанавала Рада БНК.

А ўвогуле, у нас тры мэты ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Першая – даць грамадству магчымасць выказаць сваю пазіцыю, публічна заявіць пра праблемы, бо ўлада рэагуе на праблемы толькі тады, калі пра яе заявіла дастаткова шмат людзей.

Другая задача – прэзентацыя рэгіянальных лідараў.

І трэцяя – гэта прыцягненне людзей да сябе, бо зараз нам трэба пашырацца і рабіцца мацнейшымі. Сёння для Беларусі рэальна існуе пагроза незалежнасці, і толькі ад грамадства залежыць, які далей лёс чакае нашу краіну. Мы самі павінны паказаць, што ёсць такая пагроза, а для гэтага трэба мець сілы.

palitviazni.info

About The Author