ПАРТЫЗАНЫ, ПАРТЫЗАНЫ…

Шчыра прызнаюся, што быў я партызанам месяцы са тры, гэта ў 1973 ды ў 1981 гг., так у свой час звалі рэзэрвістаў, прызваных на вайсковыя зборы. Тым не менш з партызанамі звязана ўсе маё жыццё, бо нарадзіўся я ў сям’і партызанаў, выхаваны пад уплывам іх успамінаў і, бадай што, мала якіх сакрэтаў іх жыцця не ведаю. Розныя яны, партызаны. Сустракаўся і з рускімі, і з украінцамі, і з яўрэямі, і з грузінамі, і з узбекамі, нават з немцамі і аўстрыйцамі, але ж больш – з беларусамі. Былі сярод іх розныя – ад члена-карэспандэнта АН БССР Віталя Мядзведзева і айца Віктара Бекарэвича – сьвятара Царквы Аляксандра Неўскага да калгаснага пастуха Хведара Даніленкі. Рознымі яны былі партызаны маей Магілёўшчыны і, напрыклад, прыгранічнай Гродзеншчыны.

Партызаны з армейскіх акружэнцаў, якія былі самі па сабе, адрознівалися ад тых, хто па вёсках непадалёк меў дзяцей, жонак, бацькоў; яшчэ больш адрозніваліся тыя, хто добра ўзброены, забяспечаны, пасля адмысловай НКУСаўскай падрыхтоўкі ў Маскве быў на адно-два дыверсійных заданні закінуты ў тыл, каб зноў вярнуцца ў Маскву.

Напярэдадні 22 чэрвеня гэтага года БТ паказала сюжэт з вядомымі асобамі: партызанам, Героем Савецкага Саюза Віктарам Лівенцавым, Аксёнавым і кіраўніком грамадская, відаць, партызанскай суполкі ветэранаў. З іх вуснаў прагучала падзяка правадыру за нешта, але і скарга не тое, што іх ліст да Самога, у якім яны прасілі прызначыць сьвята партызана ды пабудаваць помнік партызанам, вернуты назад, што заводы ім не дапамагаюць, як раней, а самі ўжо нямоглыя. А гэта ж патрыятычнае выхаванне, і гэта не ім (партызанам) трэба, гэта трэба моладзі…

Вось тут і прагучала праўда, у якой і адказ захаваны. Сапраўды вам гэта не трэба. Вы, у свой час трапіўшы ў эліту грамадства (вядома ж, па заслугах), пераклалі клопат па патрыятычным выхаванні на падначаленых, а тыя – на сваіх падначаленых… Вось і маеце зараз “павагу” ад тых, каго выхоўвалі. Спыніцеся зараз хоць ля “джыпу” да запытайцеся ў гаспадара або ў беспрацоўнага інжынера запытайцеся, хто такі Васіль Корж ці Асман Касаеў, ці Ліля Карастаянава?!!

Калі выхоўвалі патраётаў на прыкладах Паўліка Марозава ці Фрыца Шменкеля, то і вынікі адпаведныя…

А для тых, хто ў школе пакуль лепш ведае пра ніндзя і рэйнджэраў, – куміры інтэрдзяўчынкі ды Рэмба, а пра Міколку Паравоза яны не чулі, Лёні Лорчанкі, Марата Казей не ведаюць…

Вы кажаце, што патрыятычным выхаваннем шырока займаўся камсамол? А вось гадоў, можа, 20 таму ў ЦК ЛКСМБ запрасілі з Бараўлянаў былога кіраўніка магілёўскага падполля Казіміра Мэту, каб аздобідзь яго пэрсонай нейкую сваю імпрэзу. Той па дарозе паваліўся на эскалатары метро, рассек скуру на галаве да крыві, але не спазніўся да “нашчадкаў”, а яны, яго скарыстаўшы, развіталіся, нават не прапанаваўшы параненага адвезці дамоў, гэта заняло б хвілін 20… Тады Мэту было бліз 80 гадоў. А вось калі яму пераваліла за 90, ён мусіў паехаць у Магілёў, каб бараніць свае гонар і годнасць ад… сваіх жа “партай-геносэ”, якія, палічыўшы, што так доўга не жывуць, зрабілі яго ў друку здраднікам і ледзь не агентам ворага падчас вайны.

І гэта таксама ўзор для патрыятычнага выхавання.

А колько год таму, калі арыштавалі двойчы Героя Сацпрацы Старавойтава (якога мая маці дагэтуль кліча Васільком, бо добра яго ведала ў партызанах), многія шануемыя мной, якія таксама былі знаёмыя з вайны з тым жа Васільком, казалі: – значыць, так трэба, бо без агню ж дыму не бывае!.. А самі ж белыя і пухнатыя … Хто ведае, кажуць, і ў 37-м годзе падобнае было.

Герой Савецкага Саюза, рускі Рыгор Такуеў казаў: “Не я герой – героі тыя, што з бою не прыйшлі!”

Канешне, зараз нялёгка партызанам. Але яшчэ “Песняры” паведалі: “Няма таго, што раньш было…”. А іншыя людзі кажуць, што раней было лепей таму, што ў іх зубы тады былі ды і… “да маладзіц яны былі больш ахвочыя”.

А спадзяванні на дапамогу заводаў марныя. Трэба радавацца таму, што хоць не адобралі яны ў вас мыліцы, бо ўжо даўно многія заводы на сваіх нагах стаяць не могуць. Калі правадыр не жадае да вас прыслухацца, то, мусіць, самі і вінаватыя…

Я асабіста быў сведкам велічнага, узнёслага свята – Дня вызвалення Мінска 3 ліпеня 1964 года (праўда, 20 год чакалі!). Нашу краіну ведаюць у свеце як рэспубліку-партызанку, і дзень вызвалення сталіцы, калі большасць краіны стала чыстай ад фашыстаў, – ці трэба лепшае свята? Але ж з вашай маўкліва-талерантнай згоды паціху гэта свята пачалі зваць Днём горада, а зараз ці не пяць назваў яму ёсць, нават невядома, чаму навязвацца правадыром недарэчы Дзень незалежнасці?

Наконт помніка, то чаму вас не задавальняе стэла з вечным агнём на Плошчы Перамогі? Гэта ж таксама сімвал, вядомы ўсяму свету, і вам ён належыць безумоўна, бо і адкрыцьцё яго адбылося ў гадавіну вызваленьня гораду, да якога не мала спрычыніліся партызаны … Яго можна было б нават удасканаліць, паставіўшы ці замест вянкоў, ці ўнутр іх нейкія скульптурныя выявы. (Гэта на мой дылетантскі розум, вядома ж, вырашаць не мне).

3 ліпеня я ўсё ж буду адзначаць партызанскае свята, павіншую знаёмых ветэранаў. Многія з вас таксама яго адзначаць, хто з каньяком ды балыком, хто шклянкай чарніла ды сухой скарынкай – не ўсе ж аднолькава жывуць. А калі пройдзе вайсковы парад ды пралятуць самалёты з верталётамі, каб пацвердзіць правадыру нашу перавагу перад NATO, падумайце: колькі гэта каштуе і ці не лепшым было б падзяліць гэтыя грошы на тых, хто сёння яшчэ жывы, але іх жменька, тых, хто жыццём сваім ды крывёю гэтага свята дамогся. Были вы некалі мужныя ды рашучыя, гляньце ж у люстэрка, разгарніце плечы, абудзіце свае гонар і годнасць, пакуль час ёсць…

Ведайце, нікога не збіраўся зчарніць ці абразіць, але балюча і крыўдна за Вас.

Хай Божа дасць Вам здароў’я, свабоды ды грошай!!!

Алесь Станкевіч – сын партызанаў.

About The Author