«Разьдзявалі дагала», «білі па нырках». Што расказваюць асуджаныя «кандыдаты пратэсту»

Прысуды. Сьцісла:

  • Арцём Бабок — 7 сутак арышту,
  • Уладзімер Неўмяржыцкі — штраф 1350 рублёў,
  • Анжаліка Жалезьнякова — 1215 рублёў,
  • Тамара Патоцкая — штраф 1080 рублёў,
  • Юлія Лемехава — штраф 675 рублёў,
  • Вольга Краўчанка — штраф 135 рублёў.

Міліцыя патрабавала зьняць майкі з надпісам «Убывай​»

Штрафам у 135 рублёў суд пакараў актывістку Вольгу Краўчанку. Пасьля суду жанчына расказала, як яе затрымлівалі і як судзілі.

Паводле Вольгі Краўчанкі, судзілі яе за тое, што не падпарадкавалася патрабаваньням міліцыянта, які загадаў выйсьці з судовай залі. Між тым жанчына кажа, што патрабаваньне было іншае — зьняць майкі з надпісам, які не спадабаўся судзьдзям і ахоўнікам. Вось што расказала пра затрыманьне ў Вярхоўным судзе Краўчанка:

Архіўнае фота. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча падаюць заявы ў ЦВК, 15 траўня 2020 году

«Мы прыйшлі на разгляд нашых скаргаў на Цэнтральную выбарчую камісію, якая не зарэгістравала ініцыятыўнай групы. Нас было 7 чалавек. Да нас у фае выйшла супрацоўніца суду і павяла нас калідорам у судовую залю, дзе меўся пачацца разгляд скаргі. Сказала чакаць пачатку разгляду скаргаў.

Там мы сядзелі і чакалі, як раптам у залю ўварваліся больш за 10 міліцыянтаў — некаторыя былі ў форме, некаторыя ў цывільным. Анжаліка і яшчэ нехта з нашай групы былі ў белых майках з надпісам „Убывай“, і міліцыянты пачалі патрабаваць, каб людзі зьнялі майкі.

Анжаліка не пагадзілася, сказала, што майка чыстая, і тады на яе накінуліся і літаральна пачалі дзерці майку на кавалкі. Сяргей Спарыш гэта здымаў на тэлефон, і тады міліцыянты накінуліся і на яго. Тут і мяне схапіў міліцыянт, такі дужы, вялікі, я спалохалася, што зараз задушыць, і пачала крычаць.

Потым нас усіх выцягнулі з залі і адвезьлі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а на ноч у ізалятар на Акрэсьціна. А сёньня па абедзе павезьлі ў суды. Мяне — у Фрунзенскі суд, па месцы жыхарства. Іншых — каго куды», — кажа Вольга Краўчанка.

«Мяне білі па нырках і не давалі вады»

Яшчэ тры працэсы адбыліся ў Цэнтральным раённым судзе Менску. Першай каля 16 гадзіны дня пачалі судзіць «кандыдатку пратэсту» Тамару Патоцкую. Аштрафавалі на 1080 рублёў. Справу актывісткі разглядала судзьдзя Аксана Акавітая.

Тамара Патоцкая жыве ў Баранавічах, яна маці траіх дзяцей. Як і іншыя прыхільнікі Мікалая Статкевіча, Тамара Патоцкая падавала дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, але яе заяўку не зарэгістравалі.

19 траўня Тамару Патоцкую затрымалі ў Вярхоўным судзе, куды яна зьявілася на разгляд скаргі. Як і Вольгу Краўчанку, Тамару Патоцкую асудзілі за тое, што яна нібыта не падпарадкавалася патрабаваньням міліцыянта пакінуць судовую залю.

Тамара Патоцкая
Тамара Патоцкая

Паводле рапарта міліцыянта, які затрымліваў Тамару Патоцкую, яна «размахвала рукамі», «хапалася за форменную вопратку». Сьведка, капітан міліцыі Ўладзімер (прозьвішча было не чуваць), казаў, што Тамара Патоцкая зайшла ў судовую залю без дазволу і потым адмовілася выходзіць на загад міліцыі.

Між тым Тамара Патоцкая сваёй віны катэгарычна не прызнала. «Я нічога не рабіла, што мне прыпісваюць. Так, я была ў залі суду. Нас туды прывяла сакратарка. І паседжаньне яшчэ не пачалося. А калі быў захоп, я падтрымлівала чалавека, вось і ўсё», — сказала Тамара Патоцкая.

У судзе жанчына спрабавала апэляваць да сумленьня сьведкі-міліцыянта. «Чаму вы хлусіце? Як я магла прайсьці ў залю, там столькі калідораў — адкуль я ведала б, куды ісьці? Нас прывяла сакратарка суду і сказала чакаць», — настойвала Тамара Патоцкая.

У перапынку жанчына папрасіла вады, бо, зь яе словаў, у міліцыі ёй не давалі піць.

«Яшчэ білі па нырках, калі забіралі тэлефон. Я хацела пазваніць дзецям, што мяне арыштавалі, але тэлефон адабралі і пазваніць так і не ўдалося. Калі абшуквалі, разьдзявалі дагала. Яшчэ 4 гадзіны трымалі ў двары райаддзелу, нікуды не пускалі», — кажа Тамара Патоцкая пра тое, як з затрыманымі абыходзіліся ў Цэнтральным РУУС. Яна дадала, што ў ізалятары на Акрэсьціна 20 траўня да суду яе так і не пакармілі.

Да 17 гадзіны ў Цэнтральным раённым судзе скончыліся іншыя працэсы над «кандыдатамі пратэсту».

Уладзімера Неўмяржыцкага аштрафавалі на 1350 рублёў, Анжаліку Жалезьнякову — на 1215 рублёў. Юлію Лемехаву — на 675 рублёў.

Арцёма Бабку далі 7 сутак арышту, яго судзілі ў Савецкім раённым судзе.

Сяргея Спарыша асудзілі да 8 сутак арышту ў судзе Кастрычніцкага раена.

Радыё Свабода

About The Author