Спецыяльны Трыбунал для беларускага рэжыму .

*

Спецыяльны Трыбунал для беларускага рэжыму

Нарэшце заканчваецца палітычная спячка ў Еўропе, выкліканая сезонам адпачынкаў і выбарамі ў Еўрапарламент. У палітыцы адбылося больш выразнае размежаванне. З аднаго боку, узмацніліся ўмоўна “прарасейскія сілы”, з другога боку, прыйшлі людзі, якія лепш разумеюць небяспеку дыктатарскіх рэжымаў і неабходнасць барацьбы з імі.
Літва, як заўсёды, на вострыі.
Пачатак палітычнага сезону ў Вільнюсе быў адзначаны правядзеннем канферэнцыі “Адказнасць за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”.
Прапанаваныя тэмы канферэнцыі:
1. Універсальная юрысдыкцыя.
2. Спецыяльны трыбунал для Беларусі.
3. Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і яго прыхільнікаў.
Мэтаю канферэнцыі было сабраць вядучых экспертаў у галіне права, праваабаронцаў, прадстаўнікоў улады і дэмакратычных беларускіх актывістаў для абмеркавання і выпрацоўкі эфектыўных шляхоў выканання правасуддзя за шматлікія злачынствы, здзейсненыя беларускім рэжымам.
Узровень канферэнцыі быў дастаткова высокі. Сярод удзельнікаў былі намеснікі міністраў, пракуроры высокага ўзроўню, еўрадэпутаты, еўракамісар, беларускія актывісты.
Сімбалічна і выклікае надзею, што палітычны сезон адкрываецца менавіта беларускай тэмай. Хочацца спадзявацца, што прыйшло разуменне, што без свабоднай Беларусі не будзе дэмакратычнай Еўропы, і з рэжымам у цэнтры Еўропы час нешта рабіць.
Вядома, да стварэння спецыяльнага трыбунала па Беларусі яшчэ далёка, але пра гэта ўжо пачалі гаварыць. Значыць, прыйдзе час, і цягнік на Гаагу рушыць.

Жыве Беларусь!

About The Author