Вольга Нікалайчык: Давайце пачынаць сябе ратаваць!

Неўзабаве 34-ая гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якая прынесла для Беларусі шмат бедаў. Пацярпела амаль 24% тэрыторыі Беларусі, зніклі 430 населеных пунктаў, якія апынуліся ў зоне моцнага забруджвання, каля 340 тысяч чалавек пераехала, а колькі памерла і захварэла, цяжка падлічыць.
 
Пра аварыю і яе наступствы разважае “Госць Рацыі” – кандыдат пратэсту на “выбарах” 2020 па стратэгіі Статкевіча, грамадская актывістка, кінарэжісёр і прадзюсар Вольга Нікалайчык:
 
РР: Тое, што ўлады хавалі інфармацыю пра Чарнобыльскую катастрофу, мільёны людзей абурыліся, як так можна паводзіць сябе з людзьмі, як можна не казаць пра такую небяспеку?
 
Вольга Нікалайчык: Гэта было ў традыцыях камуністаў і саўку. Бо людзі заўжды былі гарматным мясам. Да жыцця чалавека, увогуле да лёсу чалавека ставіліся па традыцыях НКУС з вялікай пагардаю і знявагай. І што хаваць, зараз мала што памянялася. Я б параўнала тую сітуацыю з сітуацыяй, у якой мы знаходзімся зараз падчас пандэміі ў Беларусі. Тое самае стаўленне кіраўніцтва, калі ніякія меры бяспекі не былі прынятыя, каб свой народ хоць крыху абараніць. Улада як і ў чарнобыльскія часы вяла сябе злачынным чынам у дачыненні  да народа,  так і сёння. Усё гэта перадалося як той самы каронавірус.
 
РР: Нават суботнік і парад  хочуць правесці, каб паболей народу сабраць, каб пазаражаліся.
 
Вольга Нікалайчык: Так, гэта вельмі нагадвае тую сітуацыю ў 1986 годзе, калі людзі маглі абараніць сябе самастойна, маглі прыняць нейкія прывентыўныя меры, мыцца часцей,  не выходзіць на паветра, асцерагацца. А людзі жылі звычайным жыццём. І пасля паміралі, паміралі тысячамі. І ў анкалогіі ў нас сітуацыя пасля Чарнобыля жахлівая. У нас будуюцца палацы, праводзяцца цынічныя лукашэнкаўскія тусоўкі, замест таго, каб сур’ёзна ратаваць нацыю ад анкалогіі. Улады плююць на народ. Вельмі прыкра, што гінем. 500 год  нашай дзяржаве, якая была каралеўствам. Мы народ с такой славутай гісторыяй, не кажу ўжо, што нашым гарадам па тысячы год, а мы жывем у саўку і гінем ад гэтай калгаснай мафіі. І гінем ад анкалогіі, ад вірусаў. Давайце пачынаць сябе ратаваць! Адное – дактары і ліквідатары героі. Але ж ён ліквідатараў пазбавіў усіх ільгот. Такі злачынны цынізм! Людзей, якія ратавалі цябе самога, ты пазбавіў ўсяго, бо Лукашэнку можна ўсё!
 
РР: А мы яшчэ і атамную электрастанцыю ў Астраўцы пабудавалі, хоць палова Еўропы пратэставала. То бок, высноваў з аварыі на ЧАЭС не зроблена.
 
Вольга Нікалайчык: Гэты чалавек не здольны аналізаваць такія рэчы. Будаўніцтва АЭС закрыта ад грамадства, ад адмыслоўцаў усяго свету. Гэта робіцца ў імя таго, каб Лукашэнка тут адсядзеў яшчэ дзесяць гадоў пры ўладзе са сваім кланам сямейна-калгасным. Гэта бомба ў цэнтры Еўропы. Не будзе нас, але не будзе і Скандынавіі, не будзе часткі Польшчы. Што мы, беларусы, зараз можам, калі мы з хаты не можам на мітынг выйсці!? Нас адразу арыштоўваюць, як у Берасці хлопцаў. Трэба, каб Еўропа падкючалася. Гэта мацнейшая небяспека для Еўропы. Гэта будзе страшней за Чарнобыль. Але будзем жыць.  Заўжды мая любімая краіна і мова жылі і будуць жыць!
 

About The Author