Дэлегацыя беларускай апазіцыі ў ПАСЕ выступіла супраць «гандлю палітзняволенымі»

У Страсбурзе, дзе пачалася вясенняя сесія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, заклікалі вызваліць Мікалая Статкевіча і іншых вязняў сумлення.

Прадстаўнікоў беларускай апазіцыі запрасілі прыняць удзел у слуханнях па Беларусі, арганізаваных Камітэтам па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ.

Намеснік старшыні “Народнай Грамады” Яўген Вільскі, які прыняў удзел у мерапрыемстве, расказаў сайту Charter97.org, якія тэмы ўзнімаліся на пасяджэнні:

– Ёсць дамоўленасць, што беларускія апазіцыйныя партыі будуць удзельнічаць у кожнай сесіі ПАСЕ. Гэта першы досвед нашай партыі, “Народнай Грамады”, таксама былі прадстаўнікі “Руха за Свабоду” і жонка Нобелеўскага лаўрэата Алеся Беляцкага Наталля Пінчук.

Выступленне было прысвечана тэме беларускіх палітзняволеных, заўтра – пра бежанцаў. Гэта асноўныя сустрэчы.

– Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч больш за 75 дзён знаходзіцца ў інфармацыйнай блакадзе. Удалося на пасяджэнні ўзняць гэтую тэму?

– На гэтым пабудавана амаль усё наша выступленне. Нас вельмі добра падтрымлівае вядомы літоўскі палітычны і грамадскі дзеяч Эмануэліс Зінгерыс. Ён апякун Мікалая Статкевіча. У яго таксама было выступленне пра нашага лідара.

– Як сёння можна наблізіць вызваленне лідара беларускай апазіцыі і іншых палітзняволеных?

– Мая думка – дапамагаць усімі сіламі перамозе Украіны над расіяй. Іншых варыянтаў, канешне, не так шмат. Трэба ўзнімаць тэму беларускіх палітзняволеных пры кожнай магчымасці – і на сваіх акцыях, і на сустрэчах з парламентарыямі тых краін, дзе знаходзіцца беларуская дыяспара, у Еўрапарламенце. Няма сэнсу “гандляваць палітзняволенымі” і “выкупляць іх за грошы”, бо рэжым адразу набярэ новых закладнікаў, паставіць на паток гэты бізнес. Сэнсу ў гандлі палітзняволенымі няма ніякага, гэта паказаў досвед, мы шмат разоў натыкаліся на гэтыя граблі.

На сустрэчах усе былі аднадушныя з гэтым меркаваннем. Альтэрнатыўнае меркаванне выказала толькі сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, якая была запрошана, але не ўваходзіла ў дэлегацыю. Яна не ў яўнай форме, але прапанавала “любымі метадамі” дамагчыся вызвалення палітзняволеных.

charter97.org

About The Author