Адзіны шанец Пуціна

Калі ўлада правіцеля абмежавана адным яго разуменнем прыстойнасці, то прыстойнасць раней ці пазней адыйдзе на задні план. Зараз мы ўбачылі чарговае таму падцверджанне – Пуцін стварыў сабе магчымасць правіць Расіяй да 2036 года.

Гэта было б унутранай справай нашых суседзяў, калі б не адна акалічнасць. У Расіі выбары не сумленныя, але яны, адрозна ад Беларусі, там яшчэ ёсць. Фальсіфікацыі ў іх маюць пэўныя абмежаванні. І каб выйграць у 2024 годзе чарговыя выбары, Пуціну трэба кардынальна палепшыць жыццё расіян. Альбо мірна далучыць да Расіі яшчэ адзін “Крым”.

Істотна палепшыць жыццё ў ваюючай, празмерна залежнай ад экспарту вуглевадародаў ды яшчэ абмежаванай санкцыямі краіне, падаецца маларэальным. Значыць, каб губляючаму папулярнасць Пуціну паспяхова балатавацца праз 4 гады, яму застаецца толькі “Крым”.
І я не знаходжу іншых кандыдатаў на гэту ролю, акрамя Беларусі.

Мірна далучыць незалежную дзяржаву можна толькі тады, калі ўся ўлада ў ёй належыць толькі аднаму чалавеку. І гэты чалавек – здраднік.

Лукашэнка – адзіны шанец Пуціна на мірную анэксію Беларусі, на спакойную перамогу ў 2024 годзе. Адзіны, хто 20 год абяцае здаць нашу краіну, хто ўзяў пад гэта вялізарныя грошы на ўтрыманне свайго рэжыма, хто вядзе перамовы пра здачу.

Так, гэтыя перамовы ідуць складана. Але яны ідуць. І раней ці пазней скончацца непазбежным, бо не здольны на рэформы беларускі рэжым не можа існаваць без расійскай падтрымкі. Пасля чарговай саступкі ці “дарожнай карты” мы і не заўважым, як пад крыкі Лукашэнкі пра незалежнасць згубім сваю краіну.

Каб уратаваць Беларусь, трэба яе вызваліць. Добрую магчымасць для змены ўлады даюць наступныя “выбары”. Але не таму, што на іх можна перамагчы фальсіфікацыі пратэстным галасаваннем. Гэта немагчыма, бо беларуская “выбарчая” сістэма так выбудавана і перастрахавана, што здольная пры любым галасаванні забяспечыць “элегантную перамогу” яе ўладальніку.

У ёй нават шэраговыя члены выбарчых камісій не ў стане паўплываць на фальсіфікацыі. Бо ўсё робяць старанна падабраныя старшыні і сакратары участковых выбарчых камісій, а таксама ананімныя чыноўнікі раённых адміністрацый. Пры саўдзеле міліцыянтаў, якія ахоўваюць скрыні для датэрміновага галасавання ў ноч перад асноўным днём “выбараў”.

Але нават такія прэзідэнтскія “выбары” актывізуюць грамадства і даюць легальныя магчымасці для вулічных акцый. Абавязак патрыётаў – скарыстаць іх для арганізацыі масавага і працяглага пратэсту, каб вызваліць і ўратаваць сваю краіну.

Мікалай Статкевіч                    11.03.2020 года

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА