Мікалай Статкевіч: Гэта быў дзень годнасці!

19 снежня 2010 году прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары і адбылася адна з самых масавых акцый пратэсту, якую жорстка разагналі.

Былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч успамінае для сайта palitviazni.info пра падзеі васьмігадовай даўніны.

19 снежня 2010 году былі затрыманы больш за 700 чалавек. У Беларусі прайшлі ператрусы ў дэмакратычных актывістаў, на офісах арганізацый і рэдакцыях газет.

За тыя падзеі былі асуджаны і многія кандыдаты ў прэзідэнты: Мікалай Статкевіч быў прыгавораны да 6 гадоў пазбаўлення волі, Андрэй Саннікаў – да 5 гадоў, Дзмітрый Ус — да 5,5, Уладзімір Някляеў — да 2 гадоў з адтэрміноўкай на два гады, Віталь Рымашэўскі — да 2 гадоў умоўна.

– 19 снежня 2010 году – гэта быў дзень годнасці, калі пад 100 тысяч беларусаў паказалі, што прагнуць свабоды, – кажа Мікалай Статкевіч. – Што датычыцца колькасці ўдзельнікаў пасля шэсця, то восем гадоў таму ў СМІ мінімальная ацэнка называлася ў раёне 85 тысяч чалавек. Але з кожным годам гэтая лічба ўсё больш і больш зніжалася ў так званай незалежнай прэсе. Навошта? Чаму?

А гэтым днём і насамрэч трэба ганарыцца. Такія падзеі фарміруюць нацыю, народ і яго дух. І мы гэта зрабілі, здавалася б, на палітычных могілках. Прыйшлі – і зрабілі.

– На той момант ці магчыма было аб’яднанне апазіцыі?

– Я аб’яднаўся з Уладзімірам Някляевым, на той час і Дзмітрый Ус, сумленны чалавек, які тады яшчэ не захапіўся ідэяй “рускага свету”, таксама ў пэўнай ступені далучыўся да яднання. А ўсё астатняе, за выключэннем тых, хто потым сфармаваў БНК, – гэта не апазіцыя, і ўсё гэта яскрава праявілася ва ўсіх тых запісках і даносах. Якое аб’яднанне, калі адзін з кандыдатаў – спадар Рымашэўскі – за тры дні да галасавння ўжо прасіў арыштаваць Статкевіча?

У многіх гэты гнілы негатыў восем гадоў таму досыць добра праявіўся. Я, дарэчы, затым вясвятліў, што яны збіраліся людзей як мага хутчэй звесці з плошчы. І давалі пра гэта сігналы ўладзе. Маўляў, вы нас не чапайце, а мы вам будзем зліваць інфармацыю. І добра было б Статкевіча арыштаваць. Я чытаў гэтыя даносы ў сваёй справе, у мяне і фотакопіі ёсць. Таму не трэба сапраўдную апазіцыю змешваць з гэтымі асобамі.

А мы восем гадоў таму зрабілі ўсё правільна. Мне не сорамна перад людзьмі…

Арыгінал артыкула

About The Author

НАРОДНАЯ ГРАМАДА